«Мір у душах - мір у грамадстве». Арцыбіскуп Кандрусевіч параіў, як вырашыць крызіс у Беларусі
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
Ужо больш за месяц каталіцкі арцыпастыр знаходзіцца ў выгнанні з-за таго, што яго незаконна пазбавілі права вярнуцца ў краіну
Фігура святога Арханёла Міхала, заступніка Каталіцкай царквы ў Беларусі, прыбыла ў Магілеў, і з гэтый нагоды арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які цяпер знаходзіцца ў выгнанні, з Бельска Падляскага скіраваў слова да вернікаў рэгіёна. Арцыпастыр нагадаў, што прычынай цяжкага крызісу, які ўжо другі месяц перажывае Беларусь, з’яўляецца грэх - першапрычына ўсіх падзелаў і непаразуменняў.
- Час ідзе, а крызіс працягваецца. Розныя прапановы яго вырашэння не прыносяць жаданага выніку. Пры гэтым мы забываемся пра стары выраз: «Без Бога - ні да парога». Хрыстус таксама выразна вучыць, што без Яго мы нічога не зробім. Таму, разам з чалавечымі намаганнямі неабходна прасіць Божай дапамогі ў гэты час выпрабаванняў, з якімі сутыкнулася наша нацыя, - цытуе іерарха Catholic.by.
Сваёй пастве, якая засталася без пастыра, арцыбіскуп дае духоўную параду для таго, каб мір і згода зноў вярнуліся на родную зямлю:
- Сёння мы скіроўваем свой позірк на святога арханёла Міхала - пераможцу злога духа. Нам неабходна тэрмінова вызваліцца ад панавання злога духа ў нашых сэрцах, а гэта магчыма праз малітву, пакаянне і ўзаемнае прабачэнне, якія вяртаюць духоўны супакой. Умовай міру ў грамадстве з’яўляецца мір у нашых душах. Таму перш за ўсё малітва, навяртанне і прабачэнне павінны паспрыяць вырашэнню грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне, - падкрэсліў арцыпастыр, яшчэ раз заклікаўшы да шчырага дыялогу ўсе бакі канфлікту.
Як адзначыў арцыбіскуп, «нас, такіх розных, так шмат аб’ядноўвае»:
- Супольная багатая і адначасова трагічная гісторыя нашага народа, які нават з вельмі небяспечных выпрабаванняў выходзіў пераможцам. Мы ганарымся сваёй культурай, якая займае пачэснае месца ў сусветнай культурнай спадчыне. Наша нацыя вырасла з хрысціянства, якое прыняла больш за 1000 гадоў таму. А хрысціянства - гэта рэлігія супакою і мірнага суіснавання. У нас вельмі добрыя міжхрысціянскія адносіны, асабліва паміж католікамі і праваслаўным. Мы таксама можам ганарыцца добрымі міжрэлігійнымі адносінамі. Усё гэта - наш супольны набытак і ён дарагога варты.
Беларускі арцыпастыр дадаў, што «сёння, падчас новага экзамена на грамадскую сталасць народа, мы павінны знайсці ў сабе сілы паказаць, што нас таксама аб’ядноўвае супольны клопат пра будучыню агульнай Бацькаўшчыны».
Related items
- Старадаўняя капліца згарэла на могілках у Смаргоні
- Тым, хто не можа на Радуніцу памянуць блізкіх у храме, прапануюць гэта зрабіць дыстанцыйна і бясплатна
- У Беларусі праходзяць святы Першай Камуніі – як гэта было ў сельскіх храмах
- Як у вёсках праходзяць Маёвыя набажэнствы, паказалі на Гродзеншчыне
- «Не сказалі нават біскупу». Даведаліся, на які тэрмін асудзілі святароў у Віцебску