Logo
Print this page

Пандэмія зменіць старажытную традыцыю ў Каталіцкай царкве

Пасыпаць галовы попелам сёлета будуць без словаў аб пакаянні

Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў унесла часовыя змены ў абрад пасыпання галоў попелам у пачатку Вялікага посту, звязаныя з эпідэмічнай сітуацыяй.

У інструкцыі, якой павінны кіравацца святары ва ўсім свеце падчас абраду ў Папяльцовую сераду, адзначаецца, што пасля благаслаўлення попелу і акраплення яго святой вадой, святар звяртаецца да прысутных, толькі аднойчы чытаючы формулу, змешчаную ў Рымскім Імшале. Затым ён мые рукі, апранае ахоўную маску, прыкрываючы рот і нос, і пасыпае попелам галовы тых, хто да яго падыходзіць, або, калі гэта неабходна, накіроўваецца да тых, хто стаіць на сваіх месцах, не прамаўляючы ніякіх слоў.

Нагадаем, паводле старажытнай практыкі падчас пасыпання галавы попелам святар прамаўляў да кожнага верніка словы: «Пакайся і вер у Евангелле» або «Пыл ты і ў пыл вернешся». Часам замест пасыпання галавы попелам наносіцца на лоб попелам знак крыжа.

Дакумент са зменамі абраду падпісаў прэфект Кангрэгацыі. Нагадаем, у 2021 годзе Папяльцовая серада, якой пачынаецца Вялікі пост, выпадае на 17 лютага.

Паводле vaticannews.va/be

Last modified onСерада, 13 Студзень 2021 18:20
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.