Logo
Print this page

Хай стане нябесным заступнікам Беларусі. Католікі памаліліся за мітрапаліта Філарэта

Ганаровага Патрыяршага экзарха пахавалі ў жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры

15 студзеня ў архікатэдральным касцёле ў Мінску служылі святую Імшу аб вечным супакоі для спачылага мітрапаліта Філарэта, праваслаўнага Ганаровага патрыяршага экзарха Беларусі. У гэты ж дзень яго пахавалі ў жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры.

Ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў цэлебрацыю, у гаміліі адзначыў, што 35 гадоў служэння мітрапаліта Філарэта ў Беларусі былі прысвечаны адраджэнню веры ў краіне, піша Catholic.by.

Каталіцкі іерарх распавёў цікавы факт: калі пасля ваяўнічага савецкага атэізму не хапала касцёлаў і святароў, Філарэт дазволіў праваслаўным святарам спавядаць і прычашчаць католікаў у Праваслаўнай царкве. Менавіта дзякуючы намаганням Філарэта беларусы маюць міжканфесійны мір, і адносіны паміж рознымі веравызнаннямі ў Беларусі з’яўляюцца прыкладам іншым краінам, адзначыў арцыбіскуп.

Ён звярнуўся ў малітве да Бога з просьбай прыняць спачылага ў радасць вечнага жыцця:

- Няхай ён стане новым нябесным заступнікам нашай Бацькаўшчыны ў асаблівы час, калі нам, як паветра, патрэбныя мір і згода, якія павінны будавацца на любові да Бога і бліжняга, а таксама на ўзаемным прабачэнні, да чаго заклікаў Мітрапаліт Філарэт.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.