Logo
Print this page

Арцыбіскупу Кандрусевічу паспяхова зроблена аперацыя па выдаленні пухліны

Пра свой стан заслужаны каталіцкі іерарх распавёў сам і падзякаваў за малітву.

Арцыбіскупу эмэрыту Тадэвушу Кандрусевічу была зроблена аперацыя па выдаленні пухліны. Як стала вядома 10 лютага, хірургічнае ўмяшальніцтва адбылося 8 лютага і прайшло паспяхова. 77-гадовы заслужаны каталіцкі іерарх адчувае сябе добра – пра гэта ён сам распавёў па тэлефоне, паведамляе Catholic.by.

Былы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі цяпер праходзіць пасляаперацыйную рэабілітацыю. Напярэдадні арцыбіскуп Юзаф Станеўскі разам з біскупамі звяртаўся да вернікаў з просьбай аб малітве за здароўе заслужанага іерарха, медыкаў і паспяховай аперацыі.

У сваю чаргу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў лекарам і ўсім, хто моліцца ў інтэнцыі яго хутчэйшага выздараўлення, а таксама адзначыў, што неўзабаве спадзяецца працягнуць служэнне Богу і людзям з новымі сіламі:

«Напярэдадні Сусветнага дня хворага, які адзначаецца 11 лютага, малітоўна яднаюся з усімі хворымі. Няхай Маці Божая з Люрда сваім заступніцтвам нас умацоўвае і выпрошвае ласку здароўя для душы і для цела».

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.