Logo
Print this page

Мінскія ўлады забаранілі праводзіць Велікодныя службы ля закрытага Чырвонага касцёла

Просьбу расцанілі як заяўку на масавае мерапрыемства, для правядзення якога трэба загадзя аплочваць паслугі міліцыі, медыкаў і камунальнікаў.

Улады Мінска адмовілі на просьбу каталіцкай парафіі святога Сымона і святой Алены дазволіць правесці Велікодныя службы ў плябаніі і на прылеглай тэрыторыі Чырвонага касцёла, закрытага ужо болей за паўгода. Уваскрасенне Хрыстова католікі пачынаюць святкаваць ужо ўвечары 8 красавіка.

«Мы звярталіся да ўладаў з просьбай дазволіць Богаслужэнні на Велікодныя ўрачыстасці, аднак атрымалі адказ – нельга. Вось такое "пасхальнае віншаванне". Працягваем далей з вераю маліцца ў інтэнцыі вяртання святыні вернікам і аднаўленні парафіяльнага жыцця. А Хрысту, Які ёсць ПРАЎДАЙ і СПРАВЯДЛІВАСЦЮ, даручаем усіх, хто прымае рашэнні», – гаворыцца ў паведамленні касцёльнага камітэту.

Там адзначылі, што сёлета «Велікодныя святы для парафіі асаблівыя: маем нагоду бліжэй дакрануцца і перажыць знявагі, адкінутасць і боль нашага Збаўцы»:

«На вялікі жаль, наша святыня да гэтага часу зачынена. Чырвоны касцёл, які ў Пасхальныя дні з малітвай напаўнялі тысячы вернікаў, зараз пусты. Наш Збавіцель, Які прыняў страшэнныя пакуты за ўсіх людзей, імі ж – людзьмі – выгнаны са святыні».

Наш канал в Telegram – только важное. Подписаться >

Як вынікае з апублікаванага адказу Мінгарвыканкама, просьбу аб Велікодных службах ля касцёла ўлады расцанілі як заяўку на масавае мерапрыемства, для правядзення якога трэба загадзя аплочваць паслугі міліцыі, медыкаў і камунальнікаў.

«Прадстаўленая вамі заява не адпавядае патрабаванням закона (...) Мінгарвыканкам не ўзгадняе правядзенне заяўленых масавых мерапрыемстваў і паведамляе аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства», – гаворыцца ў адказе намесніка старшыні Мінгарвыканкама Арцёма Цурана.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.