Logo
Print this page

Цяпер – і на Новы год. Католікам у Беларусі дазволілі не трымаць пост 2 студзеня

Таксама дыспенсацыя дзейнічае на папярэднюю пятніцу – 26 снежня.

Яшчэ адно свецкае свята стала падставай для адмены пятнічнага паста ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі РКЦ. Раней гэта былі Дзень жанчын і Дзень Перамогі, а цяпер – другі дзень святкавання Новага года, 2 студзеня, які з'яўляецца ў Беларусі выходным днём і прыпадае ў 2026 годзе на пятніцу.

Для хрысціянаў устрыманне ад спажывання мясных страў па пятніцах – старажытная практыка ва ўспамін аб распяцці Езуса Хрыста ў Вялікую пятніцу. Звычайна пятнічны пост адмяняецца тады, калі пятніца прыпадае на ўрачыстасці ці асаблівыя святочныя перыяды паводле літургічнага календара.

2 студзеня ў літургічным календары Каталіцкай царквы няма святаў і ўрачыстасцяў.

Таксама дазвол не выконваць пост дзейнічае сёлета на папярэднюю пятніцу – 26 снежня. Гэтая дата з'яўляецца другім днём святкавання Божага Нараджэння і ў Беларусі сёлета – таксама выходны дзень.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі патлумачыў удзяленне дыспенсацыі (вызвалення) ад абавязку ўстрымання ад ужывання мясных страў «духоўным спажыткам вернікаў».

Дыспенсацыя ўдзяляецца ўсім католікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама ўсім, хто ў гэты дзень будзе знаходзіцца на яе тэрыторыі. Тым, хто будзе карыстацца дыспенсацыяй, трэба прачытаць любую малітву ў інтэнцыі Папы Рымскага.

Аб аналагічных распараджэннях кіраўнікоў іншых дыяцэзій Каталіцкай царквы ў Беларусі, а таксама епіскапаў праваслаўнай царквы, пакуль не паведамлялася.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.