Logo
Print this page

Тры народы – Польшчы, Беларусі і Украіны – аб'яднала незвычайная кампазіцыя ў цэнтры Варшавы

Беларусы самі сабралі грошы на сваю фігуру.

Карыстальнікі сацсетак заўважылі ля аднаго з каталіцкіх храмаў у цэнтры Варшавы незвычайную скульптурную кампазіцыю з сімваламі трох краін – Польшчы, Беларусі і Украіны. Тыя, хто не ў тэме, не зразумелі сэнс інсталяцыі, некаторыя выказалі сумнеў, якую краіну сімвалізуе адна з фігур – Беларусі ці Літвы?

Даведаліся аб новай кампазіцыі і распавядаем падрабязнасці. Гаворка ідзе пра калядную батлейку, якая была дапоўненая сёлета фігурамі Трох Каралёў і ўсталяваная ля касцёла Святога Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў. Гэта – «Калядная батлейка трох народаў», якую можна ўбачыць ля храма да 2 лютага ўключна.

Сёлета з'явілася ідэя зрабіць батлейку міжнароднай. Новыя фігуры Трох Каралёў сапраўды сімвалізуюць Польшчу, Беларусь і Украіну, якія прыносяць свае дары Дзіцяці Езусу. Перад асвячэннем фігур у касцёле праходзіла супольная Імша палякаў, беларусаў і ўкраінцаў. Службу з удзелам душпастыра беларусаў-католікаў у Варшаве ксяндза Вячаслава Барка адпраўлялі на польскай мове з элементамі беларускай і ўкраінскай моў – у знак адзінства і ўзаемнай павагі народаў.

Беларусы самі сабралі грошы на сваю фігуру з гістарычным гербам краіны, якая абышлася ў 15 тысяч злотых (больш за 3500 еўра), каб засведчыць: тут ёсць беларусы, супольнасць жыве і памятае пра свае карані.

Гэтая плошча – сімвалічнае месца на мапе Варшавы, якое знаходзіцца на стыку важных артэрый горада, у раёне пасольстваў і міжнародных устаноў. У парафіі вырашылі, што месца патрабуе «паведамлення, якое будзе чытаным для ўсіх» і вырашылі стварыць калядную батлейку як знак міру і дыялогу. Аўтарам скульптур з'яўляецца Фаўстына Макарук.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.