Logo
Print this page

Пра жыццё Тадэвуша Кандрусевіча выйшла кніга на беларускай мове

У назву вынесена фраза з малітвы яго маці.

Як мы заўважылі, падчас апошніх каталіцкіх фэстаў – у Тракелях і Гудагаі – арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч падпісваў для вернікаў асобнікі кнігі. Што гэта за выданне, пакуль не паведамлялі афіцыйна.

На фотаздымках з кнігай, якія выкладвалі вернікі, відаць, што яна мае назву «"Марыя, рабі з ім, што пажадаеш..." Жыццё і служэнне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ад нараджэння да першых гадоў біскупства».

Пра выданне з такой назвай звестак у Інтэрнэце няма, але такая кніга на польскай мове аўтарства сястры Марцэліны Мігач выходзіла ў выдавецтве Pro Christo ў 2024 годзе. Верагодна, да 80-годдзя заслужанага іерарха кнігу пераклалі на беларускую мову.

У назву вынесена фраза з малітвы маці Тадэвуша Кандрусевіча. Ён распавядаў, што калі быў яшчэ немаўлём, то моцна захварэў і разам з мамай ляжаў у шпіталі ля касцёла Маці Божай Анёльскай у Гродне:

«Тады мама прынесла мяне ў касцёл, паклала на алтары Божай Маці і сказала: "Марыя, рабі з ім, што хочаш". Як аказалася потым, Марыя зрабіла…»

Маці даверыла апеку над сынам Марыі, бо лекары нiчога не зрабіць, каб вылечыць дзіця. І ў хуткім часе ён ачуняў. Таксама арцыбіскуп упэўнены, што менавіта дзякуючы заступніцтву Маці Божай ён адчуў пакліканне да святарства, а рашэнне пайсці ў семінарыю прыняў у Вострай Браме ў Вільні.

Дарэчы, калі Тадэвуш Кандрусевіч стаў святаром, некаторы час ён быў пробашчам менавіта ў парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне.

Дзе і як можна набыць кнігу, акрамя як на фэстах, пакуль невядома, паколькі інфармацыі пра яе ў Сеціве яшчэ няма.

Нагадаем, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ужо больш за год праходзіць хіміятэрапію і змагаецца з ракам.

Media

Last modified onПанядзелак, 20 Ліпень 2026 12:44
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.