Канцэрты ў касцёле Брэста не адмянілі. Біскупы прамаўчалі, арганізатары патлумачылі сваю пазіцыю
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
З тлумачэнняў вынікае, што сярод каталіцкага духавенства ўтварылася лобі гэтых прадстаўленняў. Але яны парушаюць закон – і вось як.
Канцэрты поп-музыкі Euphoria Night са светлавым шоу не перанеслі са старадаўняга касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце, не адмянілі, а наадварот дадалі іх колькасць. Цяпер прадстаўленні запланаваныя тры вечары запар – 10, 11 і 12 верасня. Усе квіткі па цане 75-80 рублёў раскупленыя.
Нагадаем, шоу выклікаюць захапленне сотняў гледачоў, але парушаюць сакральнасць месца [чытайце: Пачуццёвасць замест духоўнасці. Касцёл у Брэсце ператвараюць у канцэртную залу].
Нягледзячы на тое, што вернікі ўказалі на дэсакралізацыю храма [глядзіце відэа ніжэй], ніхто з духавенства, уключаючы біскупаў, не выступіў афіцыйна і не патлумачыў сітуацыю. Гэта дадае збянтэжанасці і падзелу ў асяроддзі католікаў Беларусі.
Затое арганізатары канцэртаў пракаментавалі вернікам сваю ідэю канцэртаў. Тым не менш, яны груба парушаюць інструкцыю Кангрэгацыі Божага культу. Паказваем, як менавіта, і прыводзім каментар біскупа – архіўны. А таксама – пазіцыю арганізатараў.
Тлумачэнне біскупа аб правілах правядзення канцэртаў у касцёлах былі апублікаваныя яшчэ даўно і з тых часоў не змяняліся. Мы спасылаемся на іх, паколькі актуальнага каментара біскупы не далі. Даступны ў сацсетцы Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска на пытанне верніка аб канцэртах у Брэсце паставіў лайк, але пакуль так і не адказаў.

Раней старшыня камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў біскуп Аляксандр Яшэўскі указваў на інструкцыю Кангрэгацыі Божага Культу, якая тлумачыць канон 1210 Кодэкса Кананічнага Права. Ён падкрэсліваў, што касцёлы з'яўляюцца сакральным месцам Божага Культу. У выключных выпадках – са згоды біскупа – храм можа быць прадастаўлены для канцэртаў, але пры гэтым:
– Просьба да ардынарыя павінна прадстаўляцца пісьмова і загадзя, з указаннем даты і гадзіны канцэрта, яго праграмы, у якую ўключаюцца назвы твораў і імёны іх аўтараў.
– Уваход у храм павінен быць бясплатны і свабодны для ўсіх.
– Адзенне і паводзіны выканаўцаў і слухачоў павінны адпавядаць сакральнаму характару храма.
– Музыкі і спевакі не павінны знаходзіцца ў прэзбітэрыі; алтару, крэслу святара і амбоне павінна аказвацца максімальнае шанаванне.
– Найсвяцейшы Сакрамэнт павінен па магчымасці захоўвацца ў бакавой капліцы або ў іншым бяспечным і годным месцы.
Арганізатары канцэртаў, у сваім каментары вернікам, на ўказанне на відавочнае парушэнне гэтых нормаў адказалі, што не хочуць парушаць «устоі Каталіцкай царквы», але не ведалі пра гэтыя правілы і заявілі, што ніхто з духавенства не папярэджваў пра іх.
Пытанне аб камерцыйным характары прадстаўленняў і аб тым, якой канкрэтна ёсць дамова з пробашчам парафіі, было праігнаравана.
Сваю ідэю арганізатары патлумачылі так:
«Дзякуючы канцэртам тысячы людзей прыходзяць у касцёл. Хай людзі лепш ідуць у храм і чуюць пра Бога, чым ідуць па вечарах у клубы і бары».
Яны адзначылі, што ў складзе калектыву ёсць католік – гэта галоўны саліст Ягор Шаранкоў, і што на кожным канцэрце ён робіць кароткія выказванні і «гаворыць пра Бога і пра сілу Ягонай любові», а на канцэртах гучаць «у тым ліку хрысціянскія песні».
Больш за тое, музыкі сцвярджаюць, што на канцэртах у храме былі шматлікія святары, у тым ліку «высокапастаўленыя служыцелі з Мінска», і з іх боку «ніякіх заўваг не было».
Паводле арганізатараў, многія святары падтрымліваюць гэты праект, бо лічаць, што ён – евангелізацыйны.
З гэтага вынікае, што ў канцэртаў ўтварылася лобі, і яны выклікалі падзел не толькі сярод свецкіх вернікаў, але і сярод духавенства. Паколькі іншыя святары лічаць прадстаўленні ў касцёле апаганьваннем храма.

Калі ў арганізатараў і прыхільнікаў канцэртаў сапраўды ёсць евангелізацыйная мэта, то такі падыход больш блізкі пратэстантам, і, магчыма, у малельным зале якой-небудзь з пратэстанцкай супольнасцяў правядзенне такіх канцэртаў было б дарэчным.
Ёсць яшчэ адна прыкмета – з разраду больш тонкіх матэрый, па якой можна меркаваць аб «чысціні намераў» арганізатараў, музыкаў і іх прыхільнікаў. Акрамя відавочнай фінансавай выгады гэта тое, што канцэрты праводзяцца не столькі «на хвалу Божую» (гэта чысты намер праўдзівага евангелізацыйнага мерапрыемства), колькі «на хвалу чалавечую».
На гэта могуць указваць пасты калектыву ў сацсетках – яны выклікаюць у вернікаў адчуванне, што музыкі ганарацца сваім поспехам і папулярнасцю праекта.

Media
Related items
-
У Мінску на каталіцкіх могілках пачалі ўзводзіць яшчэ адзін будынак
-
Пакаянне за Беларусь: топ-5 фота з Крыжовага шляху ў Навагрудку
-
Уваход у касцёл – праз кантроль міліцыі. Такое было ў Смаргоні
-
Квіткі ў касцёл раскупілі за хвіліны. Храм у Брэсце ператвараюць у канцэртную залу: меркаванні і пытанні вернікаў
-
Узнікла пагроза закрыцця каталіцкай прасторы ў Брэсце – вернікі просяць аб малітве