Logo
Print this page

У новым годзе ў гомельскім касцёле будзе больш беларускай мовы

Хачу падштурхнуць вернікаў, каб любілі сваю мову, але калі гэтага працэсу не будзе ўнутры сем'яў, тады і нашы старанні марныя, кажа святар.

Святыя Імшы ў гомельскай рымска-каталіцкай царкве праходзяць, у асноўным, на беларускай і рускай мовах. Раз у тыдзень ладзіцца Набажэнства і для тых, хто гаворыць па-польску. Паколькі афіцыйнай мовай Каталіцкай Царквы ў Беларусі з'яўляецца нацыянальная, беларуская, ужо даўно ход Святой Імшы ідзе ў Гомелі па-беларуску. Праўда, за выключэннем чытанняў з Бібліі, псальмаў і казанняў. Паколькі большасць гомельцаў дрэнна разумеюць беларускую мову, самае важнае - Слова Божае - чыталася да гэтага часу па-руску.

- Заклапочанасць Касцёла такая, каб гэта быў дом для ўсіх народаў. І было б дзіўна, калі б у Каталіцкай царкве ў Беларусі не было беларускай мовы. Хачу і далей ўводзіць беларускую мову, але разумею, што гэта працэс доўгі. Чытанні часткова цяпер будуць гучаць па-беларуску. Са свайго боку хачу падштурхнуць вернікаў, каб любілі сваю мову, але калі гэтага працэсу не будзе ўнутры сем'яў, і бацькі не будуць клапаціцца аб тым, каб дзеці ганарыліся сваёй беларускасьцю, культурай і мовай, якая ані не горш, чым руская ці польская - тады і нашы старанні марныя. Гэта будзе толькі «беларуская літургічная мова», - кажа пробашч айцец Славамір Ласкоўскі.

- Не вядома, як далей пойдзе гэты працэс у нашай краіне, але гэта вельмі важна. Мова дае ідэнтычнасць, разуменне, хто я. Улічваючы ўсе працэсы гісторыі і культуры, якія праходзілі па Беларусі як каток, вядома, цяпер цяжка ўсё аднавіць. Але трэба імкнуцца гэта рабіць ад усяго сэрца.

- Хацелася б, каб было гэта пачуццё любові і гонару да сваёй краіны. Нашай місіяй з'яўляецца евангелізацыя ўсіх народаў, усіх, хто жыве ў Беларусі. Гомельшчына - такі куток, дзе абсалютная большасць гаворыць на рускай мове. І нельга не прымаць гэтага фактару. Ведаць, да каго ты прыйшоў, і з кім маеш справу - таксама праява мудрасці.

Святара ўразіў нядаўні выпадак, які адбыўся падчас традыцыйнай Бэтлеемкі:

- Дзяўчынка вывучыла верш Якуба Коласа на беларускай мове. На свяце яна хацела расказаць яго, але пасаромелася. Я яе падбадзёрыў, папрасіў. Яна расказала верш і атрымала вельмі бурныя апладысменты ад дзяцей. Гэта пацвярджае, што ў глыбіні сэрца ў нас ёсць пачуццё сваёй ідэнтычнасці.

Чытайце таксама: Чаму мы ня хочам чуць мову ў Касцёле? і галасуйце ў нашай Апытанцы: Ці трэба, каб чытанні падчас Імшы былі на беларускай мове?

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.