BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Беларусы даказваюць у судах «польскія карані» – з дапамогай веры

Каб атрымаць «карты паляка», многія звяртаюцца ў суды з просьбай пазначыць нацыянальнасць продкаў. Пры гэтым доказам таго, што тыя былі палякамі, прыводзяцца звесткі, што яны наведвалі касцёл і адзначалі каталіцкія святы.

Цікавую тэндэнцыю заўважыў Katolik.life – многія жыхары Беларусі звяртаюцца ў суды з грамадзянскімі пазовамі, каб унесці змены ў пасведчанні аб нараджэнні продкаў, і просяць указаць у дакументах нацыянальнасць «паляк» («полька»). Відавочна, што робяць гэта дзеля таго, каб атрымаць «карту паляку», мець прывілеі на тэрыторыі Польшчы і спрасціць эміграцыю ў гэтую краіну.

Пры гэтым у якасці доказу «польскіх каранёў» многія выкарыстоўваюць каталіцкае веравызнанне продкаў. У банку судовых рашэнняў за 2023-2024 гады – дзясяткі такіх спраў. Як вядома, сэрвіс публікуе не ўсе рашэнні і робіць гэта з затрымкай. Таму можна меркаваць, што ў рэальнасці падобных грамадзянскіх спраў у разы больш.

Як правіла, польскае паходжанне бацькоў, дзядуляў і бабуль пазоўнікі абгрунтоўваюць тым, што тыя вызнавалі каталіцкую веру. Напрыклад, у сакавіку 2024 года суд Смаргонскага раёна разглядаў скаргу мясцовай жыхаркі на адмову аддзела ЗАГС унесці дапаўненні ў запіс акта грамадзянскага стану. Прывядзём вытрымкі з пастановы:

«У актавым запісе аб нараджэнні заяўніцы звесткі аб нацыянальнасці бацькоў адсутнічаюць (...) Сям'я заўсёды вызнавала каталіцкую рэлігію, заўсёды лічылі сябе палякамі па нацыянальнасці, у сям'і выконвалі каталіцкія традыцыі, адзначалі каталіцкія святы, бацькі і дзеці ведалі польскую мову і маглі размаўляць на ёй. Шлюб паміж бацькамі быў зарэгістраваны па рэлігійным каталіцкім абрадзе ў касцёле».

Сустракаюцца і выпадкі, калі замест нацыянальнасці «беларус», пазначанай у пасведчанні аб нараджэнні, заяўнікі просяць унесці нацыянальнасць «паляк». Вось прыклад з Лельчыцкага раёна:

«Пры рэгістрацыі нараджэння ў кнігу запісу актаў грамадзянскага стану была дапушчана памылка: замест нацыянальнасці маці полька, пазначана беларуска. Аддзел ЗАГС адмовіў заяўніку ўстанавіць няправільнасць запісу аб нараджэнні і ўнесці адпаведнае выпраўленне ў кнігу актаў грамадзянскага стану».

Довады заяўнік прыводзіць тыя ж:

«Дзед і бабка бралі шлюб у касцёле, маці, а таксама яе браты і сёстры да вайны вучыліся ў польскай школе. Усе яны жылі ў традыцыях польскай культуры, адзначалі ўсе каталіцкія святы, наведвалі касцёл, размаўлялі паміж сабой і чыталі малітвы на польскай мове».

У некаторых выпадках заяўнікі наўпрост кажуць пра тое, для чаго даказваюць «польскія карані». Суд Бабруйскага раёна разглядаў пазоў аб устанаўленні факта роднасных адносін заяўніцы з дзедам і ўказанні яго нацыянальнасці як паляка. У вызначэнні суда сказана:

«Заяўнік збірае дакументы для звароту па карту паляка. Яна павінна пацвердзіць той факт, што хто-небудзь з яе сваякоў (у тым ліку дзядуля) па нацыянальнасці палякі. Атрыманне карты паляка ёй неабходна для атрымання адукацыі».

Паводле заяўніцы, пры аднаўленні дакументаў пасля вайны інфармацыя ў дакументах пра імя і нацыянальнасць дзядулі былі пазначаны няправільна: «Магчыма, з-за гістарычных падзей дзядуля быў вымушаны змяніць імя і схаваць сваю нацыянальнасць».

Канкрэтна на гэтую заяву суд адказаў адмовай, а ў большасці іншых выпадкаў выносіцца рашэнне аб унясенні ў дакументы звестак аб нацыянальнасці. Суды задавальняюць пазовы, згаджаючыся з довадамі аб рэлігійных практыках продкаў заяўнікаў і з іншымі прадстаўленымі доказамі.

Адзначым, што ў пачатку і сярэдзіне XX стагоддзя (гэты часавы адрэзак разглядаецца ў судах) у Беларусі не існавала малітоўнікаў на беларускай мове, не праводзіліся набажэнствы па-беларуску. У запісах актаў аб нараджэнні нацыянальнасць часта ўказвалі па рэлігійнай прыкмеце – палякамі запісвалі католікаў, асабліва ў заходняй Беларусі. А польскую мову многія ведалі менавіта як мову набажэнстваў.

Фота – ілюстрацыйнае. На здымку людзі сталага веку моляцца ў касцёле. Фота са старонкі парафіі ў Варнянах.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onСерада, 17 Красавік 2024 15:17
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць