BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Гомельскія скаўткі правялі свой першы "Вясеннік" [фота]

У сонечны поўдзень прыгарадны аўтобус прывёз 13 дзяўчынак і дваіх шэфаў з гарадской мітусні на іх першы "Вясеннік".

Каб не пужаць дзяцей адразу усімі складанасцямі выжывання на прыродзе, было вырашана начлег правесці ў дачным доме. І як сапраўдныя гаспадыні, скаўткі перш за ўсё прыступілі да навядзення парадку і ўтульнасці ў сваім часовым жыллі. Потым за чаяваннем абмеркавалі планы на дзень і размеркавалі абавязкі.

Першыя цяжкасці ўзніклі з падрыхтоўкай абеду. Замест звыклай пліты ў распараджэнні скаўтак былі: вогнішча, трыногі і кацялкі! А замест зручнага перамыкача гарэлкі газавай пліты - даводзілася альбо падкідваць ў вогнішча болей дроў, альбо прыбіраць лішнія галавешкі, калі, напрыклад, макароны так і наравілі ўцячы.

У выніку, удалося абсмажыць фарш, і, дадаўшы беларускай хатняй аджыкі, атрымаць макароны па-флоцку "аля італьяна". На першы погляд велізарны кацялок з бясконцай, здавалася, колькасцю ежы выклікаў боязь, што даядаць яго будуць цэлы тыдзень. Але за лічаныя хвіліны скаўткі, працягваючы пустыя талеркі за дадаткам, а то і за трэцяй порцыяй, развеялі ўсе асцярогі - пасля абеду кацялок быў пусты, а дзяўчынкі, такія маленькія і далікатныя, ззялі сытасцю і шчасцем.

Пасля абеду было першае заданне, якое падзяліла два кап’і (група скаўтаў) на каманды-саперніцы. Трэба было на хуткасць паставіць турыстычную палатку. Заданне цяжкае, калі браць у разлік, што ні адна з дзяўчынак ніколі гэтага не рабіла. Скаўткі апынуліся знаходлівымі і згуртаванымі; яны не баяліся эксперыментаваць, хоць і даводзілася некалькі разоў разбіраць атрымаўшуюся "абракадабру" і пачынаць зноўку. Прыкладна аднолькавыя вынікі абедзвюх каманд былі дзіўнымі для першага разу. І зараз у шэфаў ёсць упэўненасць, што ў наступны паход у лес скаўткі змогуць забяспечыць сябе дах над галавой.

Прыхапіўшы з сабой карэматы, скаўткі правялі малітву і разважанні над Словам Божым у сасновым лесе на беразе ракі. Вельмі адкрытыя і шчырыя дзіцячыя сэрцы спяшаліся падзяліцца, якія радасці і цяжкасці хрысціянскага жыцця яны адчуваюць у школе і сярод сяброў. Далей дзяўчынак чакала вялікая скаўцкая гульня - у лесе трэба было адшукаць гальштук, прыхаваны процілеглым кап’ём. Скаўткі набегаліся, насьмяяліся і нават паспрабавалі трохі пасварыцца, але гэта ім не ўдалося.

Увечары ўсіх чакала вогнішча. На шампурах пяклі ўсё - сасіскі, хлеб, бананы, яблыкі, у справу пайшоў нават зефір. А ў кулінарным конкурсе па афармленні нарэзкі з агародніны кожнае кап’ё праявіла свае творчыя здольнасці. Не абыйшлося і без страшылак, якія адважна распавядалі ля вогнішча. Затое ў туалет, які размяшчаўся ў канцы дачнага ўчастка, хадзілі потым усім строем і з віскамі. Дзень скончыўся Радай Кап’я, на якой скаўткі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад пражытага разам часу і ўжо марылі аб "Летніку".

Начлег у спальных мяшках для многіх стаў новым цікавым адчуваннем. Дзяўчынкі з задавальненнем забраліся ў свае "хаткі" і пакоі напоўніліся дзіцячым сапеннем. Раніцай, заспаныя і няспрытныя, дзяўчынкі паснедалі, падзякавалі Богу за магчымасць быць разам, навялі парадак і паспяшаліся на аўтобус, каб вярнуцца ў горад да Святой нядзельнай імшы. Вольны час да імшы дзяўчынкі гулялі ў парку, любаваліся цюльпанамі і зладзілі маштабную фотасесію.

 

Last modified onНядзеля, 02 Чэрвень 2013 16:07

Каментары   

0 #1 Павел 2013-06-02 16:09
Добавлено фото с технического курса в Борисове
Цытаваць | Паведаміць мадэратару

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць