Logo
Print this page

«Каб быў шчаслівым мой народ». Беларускі паэт стварыў хрысціянскі кавер хіта «Алілуя»

«Каб недаверу трэснуў лёд, каб войнаў менела штогод, – я неба заклінаю: "Алілуя!"», – такім сэнсам напоўніў песню Эдуард Акулін.

Вядомы беларускі паэт і бард Эдуард Акулін 1 чэрвеня напісаў верш «Алілуя» для выканання пад мелодыю хіта з адпаведнай назвай. «У кожнага народа павінна быць свая "Алілуя"... Мая паэтычная кавер-версія песні Леанарда Коэна гучыцць так», – напісаў паэт і апублікаваў верш па-беларуску, які ніжэй прыводзім цалкам.

Нагадаем, раней арганістка касцёла ў Вішневе Марыя Трапашка рабіла пераклад на беларускую мову верша, які напісаў святар Ігар Анісімаў. Відэа з яго выкананнем «Алілуя» на рускай мове набрала звыш 1,5 млн праглядаў. Затым святар праспяваў тую ж песню па-беларуску – з ягоным удзелам зрабілі кліп.

Алілуя
 
Сярод нягод і сумных кроз
Пачуўся голас мне з нябёс...
За ім да храма на імшу іду я...
Каб зводу мой не ведаў род,
Каб быў шчаслівым мой народ, --
Я Госпада ўмаляю: “Алілуя!”
 
Алілуя!
Алілуя!
Алілуя!
Алілуя!
 
Каб пчолы мелі ў вуллях мёд,
Каб яблыня давала плод,
Каб мы Любоў Ягоную адчулі...
Каб недаверу трэснуў лёд,
Каб войнаў менела штогод, --
Я неба заклінаю: “Алілуя!”...
 
Алілуя!
Алілуя!
Алілуя!
Алілуя!
 
Каб абмялела рэчка слёз,
Каб не было жыццю пагроз,
Свой шлях да Веры словам тым машчу я...
У дні скаромныя і ў пост
Няхай яно свой творыць хрост --
З малітвы светлай слова -- “Алілуя!”
 
Алілуя!
Алілуя!
Алілуя!
Алілуя!
 
За хлеб штодзённы і віно,
За сонца яснага руно,
За песню, што ў душы маёй начуе...
За гэты дзіўны белы свет,
За пацалунка любай след --
За ўсё, за ўсё, што маю, -- “Алілуя!”
 
Эдуард Акулін. 1 чэрвеня 2024 г. 7:37
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.