BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Асноўныя праблемы Каталіцкай царквы назваў арцыбіскуп Кандрусевіч і даў прагноз на яе будучыню

Таксама іерарх акрэсліў праблемы сучаснага грамадства ў цэлым.

Галоўны духоўны і маральны аўтарытэт беларускіх католікаў – арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч – даў «праграмнае» інтэрв'ю, у якім абазначыў галоўныя праблемы сучаснай Каталіцкай царквы ў Беларусі і не толькі, а таксама зрабіў прагноз аб тым, як зменіцца Касцёл у бліжэйшыя дзесяцігоддзі.

Інтэрв'ю ганаровага іерарха, які нядаўна адзначыў 80-годдзе, выйшла ў студзеньскім нумары газеты «Слова жыцця». Чаму мы страчваем веру і рызыкуем атрымаць хрысціянства без Хрыста – выбралі найбольш важныя выказванні.

Таксама арцыбіскуп Кандрусевіч у адным са сваіх тэкстаў акрэсліў праблемы сучаснага грамадства ў цэлым: што з'яўляецца фундаментальнай дылемай і які выбар павінна зрабіць цяперашняе пакаленне. Прыводзім вытрымкі і з гэтага тэксту.

Рызыкуем атрымаць хрысціянства без Хрыста

Як гаворыць іерарх, «беларускі католік стаў больш свядомым вернікам, які бярэ на сябе ўсё большую адказнасць за Касцёл і яго пастырскую, дабрачынную, выдавецкую, катэхетычную, інфармацыйную і іншага роду дзейнасць».

Аднак Касцёл у Беларусі ўсё яшчэ перажывае складаны працэс станаўлення і трансфармацыі ад традыцыйнага душпастырства да адпавядаючага выклікам часу, калі неабходна змагацца з секулярызацыяй і культурнымі зменамі, адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Пад уплывам гэтых выклікаў хрысціянства становіцца традыцыяй без духоўнага складніка. Божы закон нам дадзены не для таго, каб ад яго адмаўляцца ці змяняць, але каб выконваць. У адваротным выпадку будзем мець хрысціянства без Хрыста, што па сваёй сутнасці з’яўляецца абсурдам.

Галоўнымі праблемамі, з якімі змагаецца Касцёл у Беларусі, з’яўляюцца, найперш,

  • крызіс веры, сям’і і жыцця,
  • малая колькасць пакліканняў,
  • павярхоўная і вонкавая рэлігійнасць.

Фармацыя да святарства і кансэкраванага жыцця патрабуе якаснага ўдасканалення ў адпаведнасці з выклікамі часу і канкрэтнай сітуацыяй Касцёла ў Беларусі, які падвяргаецца разбуральным тэндэнцыям секулярызму і маральнага рэлятывізму.

Сацыяльнае вучэнне Касцёла яшчэ мала вядома вернікам, што неабходна для будавання цывілізацыі любові, жыцця і міру, а таксама адэкватнага адказу на актуальныя праблемы. Неадкладным заданнем Касцёла з’яўляецца грунтоўная евангелізацыя, катэхізацыя і выхаванне ў духу sensus Ecclesiae (пачуццё Царквы) як дзяцей, так моладзі і дарослых. Словам, пасля структурнага адраджэння неабходна духоўнае.

У часы свабоды веравызнання мы губляем веру

У іерарха спыталі, ці згодны ён з тэорыяй пакаленняў Штрауса–Хау, што складаныя часы нараджаюць моцных людзей, тыя ствараюць лёгкія часы, якія нараджаюць слабых людзей, а яны ўтвараюць зноў складаныя часы – і як у сувязі з гэтым яму бачыцца Каталіцкая царква праз 15-20 гадоў?

Арцыбіскуп пагаджаецца з гэтай тэорыяй, аналізуючы сучаснае развіццё свету. Паводле яго, у складаныя часы ваяўнічага атэізму былі людзі, якія трывалі ў веры, захавалі яе і перадалі маладому пакаленню.

Сёння бацькі радуюцца таму, што Касцёл рыхтуе дзяцей да першай споведзі і Камуніі, але потым часта не клапоцяцца пра іх далейшае рэлігійнае выхаванне. Самі не прымаюць удзел у набажэнствах і не прыводзяць дзяцей у касцёл. У выніку чаго ў часы свабоды веравызнання мы страчваем веру.

Касцёл востра мае патрэбу ў новай евангелізацыі і стварэнні прасторы для дыялогу паміж іерархіяй і свецкімі вернікамі, асабліва моладдзю. Думаю, што праз 15-20 гадоў Касцёл адыдзе ад масавасці і накіруецца да практыкавання веры ў малых супольнасцях з рознымі харызмамі, на што звяртаў увагу папа Бенедыкт XVI.

Гэта павінна спрыяць удасканаленню духоўнай фармацыі вернікаў і дапамагаць у будаванні адпаведнай хрысціянскай самасвядомасці, каб лёгкія часы свабоды веравызнання не нараджалі духоўна слабых людзей, якія могуць ізноў стварыць складаныя часы.

Людзі, як мёртвая рыба, плывуць па плыні

Таксама «праграмным» стала Слова арцыбіскупа на Божае Нараджэнне 2025. Прыводзім з яго вытрымкі.

Выкарыстанне штучнага інтэлекту адкрывае новую эру ў жыцці чалавецтва з невядомымі дагэтуль праблемамі. Адной з іх з’яўляецца знікненне межаў паміж машынамі і людзьмі, у выніку чаго мы сутыкаемся з радыкальнай трансфармацыяй разумення самога чалавека. Рызыка заключаецца ў тым, што замест гуманізацыі тэхналогіі адбываецца тэхналагізацыя чалавека.

Пад ціскам сродкаў масавай камунікацыі, пад уплывам штучнага інтэлекту, моды і амаральнай грамадскай думкі людзі губляюць сваю хрысціянскую тоеснасць і, як мёртвая рыба, плывуць па плыні.

Да амаральных паталогій сучаснасці неабходна аднесці:

  • жыццё без захавання Божага закону;
  • секулярызм і маральны рэлятывізм;
  • ідэалогію вакізму — усёабдымнай талерантнасці ва ўсіх сферах жыцця, у тым ліку і маральнай, якая ўсё больш заяўляе пра сябе;
  • крызіс сям’і і Божага дару жыцця;
  • адкідванне традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей;
  • імкненне да зямной славы, багацця і амаральных прыемнасцей;
  • адсутнасць духу пакоры і служэння бліжняму;
  • праявы гвалту, узброеныя канфлікты і карупцыю;
  • максімалістычны давер дасягненням навукі і тэхналогіі ў справе вырашэння існуючых праблем, і г. д.

Пры гэтым мы забываемся пра тое, што не ўсё, што навукова і тэхнічна магчыма, маральна дазволена.

Чалавек страціў пачуццё граху. У жыцці сучаснага чалавека ўсё больш праяўляецца ідалалатрыя — пакланенне новым фальшывым багам публічнага меркавання і карэктнасці ў маральных справах.

Аднак у гэтай складанай сітуацыі мы не пакінуты без дапамогі. З Бэтлемскіх ясляў б’е боскае святло, якое не слабее. Бэтлеемская зорка надалей свеціць. Бог працягвае сваю руку, каб выцягнуць нас з грахоўнага балота да жыцця ў святле Божай ласкі. Трэба толькі дазволіць Яму нарадзіцца ў нашых сэрцах.

Праўда Божага Нараджэння заклікае нас знайсці ў сабе месца для Бога, нягледзячы нават на тое, што мы можам быць высмеяны і адкінуты іншымі. Нашыя продкі ў часы ганенняў на веру мелі адвагу паставіць Бога на першым месцы і гэтым самым сталі сведкамі веры. Ці мы, людзі ХХІ стагоддзя, ва ўмовах секулярызму здольныя на першае месца паставіць Бога? Ці ў гатэлі нашага сэрца ёсць месца для Яго ласкі, Божага ладу мыслення і хрысціянскай этыкі?

Маральнасць і жыццё духам Евангелля не з’яўляюцца кайданамі, але дазволам жыць свабодна і дзейнічаць адказна згодна з аб’ектыўнымі Божымі нормамі, якія абяцаюць шчаслівае жыццё. Таму нельга губляць сваю хрысціянскую тоеснасць і перакананні на карысць супярэчлівых нормаў сучаснай секулярнай культуры.

Жыць Божай праўдай ці яе адкінуць сёння з’яўляецца фундаментальнай дылемай, і мы павінны зрабіць выбар, ад якога будзе залежаць наша будучыня тут, на зямлі, і ў вечнасці. Найперш неабходна слухаць Бога, нягледзячы на тое, што гэта сёння непапулярна і можа негатыўна адгукнуцца на нашым жыцці і кар’еры.

Для гэтага неабходна вярнуцца да ясляў, адкуль раздаецца голас Боскага Дзіцяці. Немаўля ў пялёнках прамаўляе мацней, чым кароль Ірад, які хацеў Яго забіць. Пазбаўлены ўсіх атрыбутаў улады і славы, Збаўца свету абраў яслі сваім тронам. Такі наш Езус, наш Пан: моц Яго выявілася ў слабасці.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onПятніца, 30 Студзень 2026 13:09
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць