Logo
Print this page

Беларускія католікі моляцца аб дажджы

Таксама біскупы заклікаюць не спыняць малітву аб абароне ад каронавірусу, а ў нядзелю - памаліцца за ахвяраў Чарнобыля

Апошнім часам да праблемы каранавірусу далучылася праблема небяспечнай засухі, якая можа вельмі негатыўна паўплываць на будучы ўраджай, яшчэ больш падарваць народную гаспадарку і пагоршыць эканамічную сітуацыю людзей, адзначыў старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Ён нагадаў, што 26 красавіка будзе адзначацца 34-я гадавіна Чарнобыльскай катастрофы, таму заклікаў вернікаў да малітваў у інтэнцыі спынення каранавірусу далучыць малітвы аб такім патрэбным дажджы, а ў нядзелю 26 красавіка памаліцца таксама за ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы, паведамляе Catholic.by.

Напярэдадні з заклікам да малітвы аб дажджы да мясцовых каталіцкіх вернікаў звярнуўся біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч:

- У апошнія тыдні шмат краін у свеце - у тым ліку і Беларусь - змагаюцца з эпідэміяй каранавірусу. Акрамя гэтага цяжкага досведу, яшчэ адной нагодай да смутку з’яўляецца пануючая засуха, якая можа трагічна паўплываць на працу сельскай гаспадаркі.

Раней гомельскія вернікі маліліся аб дажджы - калі ўлетку працяглы тэрмін не было ападкаў. Упершыню анамальная засуха прыйшла ўвесну.

Паводле сіноптыкаў, у бліжэйшыя выходныя ў Беларусі пройдуць дажджы - але не ў такой вялікай колькасці, якой патрабуе зямля і водныя рэсурсы краіны.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.