Logo
Print this page

Крызіс веры, дэмаграфія, міграцыя? Пра што кажа колькасць першакамунійных дзяцей

Зараз да Першай Камуніі ішлі дзеці, якія з'явіліся на піку нараджальнасці. З таго часу яна ўпала ўдвая.

Сёлета ў траўні, калі ў касцёлах традыцыйна праходзяць святы Першай Камуніі для дзяцей, заўважылі, што ў многіх парафіях такіх дзяцей стала значна менш, чым у папярэднія гады.

У некаторых вялікіх парафіях колькасць першакамунійных дзяцей наадварот вырасла – як у мінскім катэдральным касцёле, дзе 18 траўня прынялі Першую Камунію 95 дзяцей, тады як у мінулыя гады іх было каля 40-50.

Але ў многіх невялікіх гарадах, нават у каталіцкіх рэгіёнах, тэндэнцыя адваротная.

Чаму прырост католікаў у многіх месцах у Беларусі скарачаецца? Статыстыкі на гэты конт няма, не ўсе парафіі маюць свае старонкі і публікуюць інфармацыю пра колькасць дзяцей, якія прынялі Першую Камунію. Да таго ж, часта ў гэтым працэсе назіраюцца хвалі – год ад году колькасць такіх дзяцей можа прыкметна вагацца. Таму разважаем на аснове назіранняў.

Магчыма, у буйных гарадах, першакамунійных дзяцей стала больш – за іх кошт парафіі растуць. А ў рэгіёнах колькасць католікаў скарачаецца: пажылыя вернікі паміраюць, дзяцей становіцца менш.

І гэта пры тым, што цяпер да Першай Камуніі ішлі дзеці ў сярэднім узросце 10 гадоў. Гэта значыць, тыя, хто нарадзіўся прыкладна ў 2015 годзе, калі ў Беларусі былі больш спрыяльныя ўмовы, дзяржава ўсяляк стымулявала нараджальнасць, і ў той час беларусы сапраўды нараджалі больш.

У апошнія гады ў краіне імкліва падае нараджальнасць. Гэтае падзенне пачалося з 2016 года, калі на свет з'явілася 117 779 дзяцей, у 2020-м – ужо 82 971 дзіця, а ў 2024-м – толькі 58 993.

З кожным годам усё менш дзяцей будзе ў парафіях па натуральных прычынах. Яшчэ адной такой прычынай можа служыць міграцыя – пераезд сем'яў з невялікіх гарадоў у буйныя, перасяленне за мяжу.

Але тое, што ўжо цяпер да Першай Камуніі ў многіх парафіях прыходзяць менш дзяцей, нельга растлумачыць дэмаграфічным крызісам. Наадварот, цяпер хваля павінна была быць большай. Таму можна зрабіць выснову, што ў гэтых месцах на сітуацыю паўплывала міграцыя, альбо бацькі сталі аддаваць менш дзяцей у Нядзельныя школы, што можа казаць пра чарговы крызіс веры.

Сваім меркаваннем і назіраннямі – ці стала першакамунійных дзяцей менш або больш у вашых парафіях, можна падзяліцца ў каментарах.

Фота: парафіі святога Арханёла Міхала ў Смаргоні, дзе сёлета першакамунійных дзяцей было больш.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onАўторак, 20 Май 2025 15:40
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.