Logo
Print this page

Святар з горыччу выказаўся пра сваё новае прызначэнне – вернікі адрэагавалі

Многія падтрымалі святара, але прагучалі і іншыя меркаванні.

Пасля таго, як Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі абвясціў пра новыя прызначэнні і ўручыў дэкрэты, адзін са святароў, што атрымаў новую пасаду, выказаўся аб гэтым на асабістай старонцы.

Ксёндз Аляксандр Улас, былы дырэктар галоўнага каталіцкага партала Беларусі, цяпер атрымаў прызначэнне вікарыя парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава ў Магілёве.

Пасля многіх гадоў служэння ў Мінску пасада вікарыя (намесніка пробашча) ў абласным цэнтры можа падавацца не прэстыжнай. Святар не напісаў аб гэтым прама, але ў ягоных словах адчуваецца горыч:

«Пасля 25 гадоў святарства здарылася зараз, што прызначыў мяне наш Мітрапаліт вікарыем у Магілёве. Замест каментароў дазвольце проста прамаўчаць. У некаторых сітуацыях цішыня прамаўляе лепш за словы».

Вернікі адрэагавалі на гэты допіс. Многія выказалі падтрымку святару, адзначыўшы, што ён прамаўляў у мінскім катэдральным касцёле добрыя казанні, а не «разважанні, якія чытаюць з паперкі», і запэўнілі ў малітве за яго.

Але прагучалі і іншыя меркаванні. Адна з верніц зазначыла, што ўсюды ёсць людзі, годныя таго, каб пачуць добрыя казанні: «ці ў Магілёве, ці ў Мазыры, ці ў Малым Сітне».

Яшчэ адна верніца напісала:

«Манах і ксёндз не можа абмяркоўваць паслухмянасць. Вы прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу, касцёлу, людзям! Абавязкова будзем прыязджаць да вас у Магілёў. Там вельмі прыгожы касцёл, адроджаны велізарнай працай вернікаў. Выдатная парафія, шмат магчымасцяў для ўдасканалення сябе».

Выказалася і мясцовая верніца:

«У Магiлёве таксама святары патрэбны. Не трэба нас баяцца».

Акрамя таго, допіс пракаментавалі двое святароў-пробашчаў. Адзін з іх напісаў ксяндзу Аляксандру, што той вельмі патрэбны ў Магілёве, а іншы адзначыў, што вікарый знаходзіцца бліжэй да людзей, можа зрабіць шмат дабра, яму не трэба думаць пра рамонты і іншыя паўсядзённыя праблемы.

Дарэчы, былы супрацоўнік партала біскупскай канферэнцыі ксёндз Мікалай Гракаў таксама прызначаны вікарыем – у парафіі Божага Цела ў Нясвіжы.

Абодва святары перасталі працаваць на партале з пачатку 2025 года, а сам ён быў рэфармаваны і цяпер абнаўляецца толькі зрэдку. Ксёндз Аляксандр стварыў свой сайт «Амэн», але потым спыніў яго працу.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.