Logo
Print this page

«Вялікая бяда». Яшчэ 5 каталіцкіх святароў вымушаны пакінуць Беларусь – з'явілася рэакцыя вернікаў

Сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці адносна непрацягу дазволу на служэнне святароў.

Пацвярджаецца неафіцыйная інфармацыя пра тое, што пяці каталіцкім святарам і аднаму манаху ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія маюць польскае грамадзянства, дзяржаўныя ўлады не працягнулі дазвол на далейшае служэнне ў Беларусі.

Адзін з іх – пробашч парафіі ў Салігорску, францішканін, айцец Сабеслаў Тамала. Большую частку свайго святарскага жыцця ён служыць у Беларусі, звыш 25 гадоў – у Салігорску, дзе ён будаваў храм. У 2019 годзе айцу Сабеславу ўжо адмаўлялі ў дазволе на далейшае служэнне ў Беларусі, але тады вернікі сабралі подпісы пад петыцыяй, што разам з шырокай агалоскай дапамагло: улады працягнулі дазвол.

Цяпер сітуацыя паўтарылася і ў парафіі зноў актыўна на яе адрэагавалі. Тым часам беларускім вернікам сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці адносна непрацягу дазволу на служэнне іншых святароў.

Салігорская парафія зрабіла абвестку ў сваім Instagram і паведаміла:

«У нашай рэлігійнай супольнасці вялікая бяда: нашаму дарагому пробашчу адмовілі ў далейшай рэлігійнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі без тлумачэння прычын. Сёння без гэтага чалавека нельга ўявіць сабе нашу парафію».

Усіх неабыякавых заклікалі «біць ва ўсе званы»: пісаць звароты ў дзяржаўныя органы, і прывялі адрасы Адміністрацыі прэзідэнта, Мінскага аблвыканкаму і Апостальскай нунцыятуры.

Як раз на днях айца Сабеслава віншавалі ў парафіі з 35-годдзем святарскага пасвячэння.

Таксама, як даведаліся вернікі, яшчэ адзін вядомы святар, пробашч парафіі святога Аляксея ў Івянцы айцец Лех Баханэк не атрымаў дазвол на працяг служэння. Ён – таксама францішканін, таксама служыць у Беларусі звыш 25 гадоў і яму таксама ўжо не працягвалі дазвол на служэнне ў 2016 годзе. Але і ў тым выпадку ўлады адмянілі рашэнне пасля розгаласу.

Тры іншых святары, якія цяпер не атрымалі дазвол на рэлігійную дзейнасць у Беларусі, таксама служаць у краіне шмат гадоў, таксама пробашчы парафій, двое з іх – кіраўнікі дэканатаў. Гэта Стаўбцоўскі дэкан, пробашч парафіі ў Налібоках ксёндз Мар'ян Шэршань, дэкан Мядзельскага дэканату, пробашч парафіі ў Свіры ксёндз Багуслаў Маджэеўскі і пробашч парафіі ў Нарачы айцец Павел Ляліта.

Вернікам стала вядома, што некаторых з гэтых святароў мясцовыя ўлады нядаўна папярэдзілі аб тым, што ім не будзе працягнуты дазвол, і каб мець магчымасць застацца ў краіне, яны павінны падаць пакет дакументаў на атрыманне беларускага грамадзянства.

Яшчэ адзін польскі грамадзянін, які не атрымаў дазвол, – манах-капуцын, брат Войцех Врублеўскі, які доўгі час служыў у Докшыцах, а затым – у Маладзечне.

Іншыя святары, польскія грамадзяне, пакуль застаюцца служыць у архідыяцэзіі, але як надоўга – невядома. Улады працягваюць або скасоўваюць дазвол кожныя паўгады.

У любым выпадку цяпер тэндэнцыя відавочная: назіраецца адток польскіх святароў з Беларусі, дзе і так катастрафічна не хапае духавенства і многія святары вымушаны абслугоўваць адразу некалькі парафій.

Першыя выпадкі скасавання дазволу святарам з Польшчы адбыліся ў Пінскай дыяцэзіі, і толькі там паведамілі пра гэта афіцыйна. Затым стала вядома аб непрацягу дазволу святарам у Віцебскай дыяцэзіі, цяпер – у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onЧацвер, 21 Май 2026 11:42
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.