Logo
Print this page

Як прайшло ў цэнтры Мінска масавае шэсце католікаў – адметнасці

Сярод асаблівасцяў сёлетняй працэсіі Божага Цела ёсць пазітыўныя і не вельмі.

Вялікай калонай католікі Мінска прайшлі 7 чэрвеня па цэнтральных вуліцах сталіцы ў традыцыйнай працэсіі Божага Цела.

Мы звярнулі ўвагу на некаторыя асаблівасці, якія мела сёлета Эўхарыстычнае шэсце – штогадовая «маніфестацыі веры», прысвечаная ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. На гэту працэсію вернікі выходзяць, каб дабраславіць горад, дамы і працоўныя месцы, маліцца аб тым, каб Гасподзь зберагаў ад голаду і вайны, нагадаць пра ахвяру і любові Хрыста, засведчыць аб сваёй веры [усе здымкі ніжэй – з сацсетак].

Як і раней, працэсія пачыналася Імшой у касцёле святога Роха на Залатой Горцы, аднак сёлета ў двары касцёла месца для вернікаў было значна меней – з-за таго, што вялікую частку тэрыторыі аддалі пад сакрэтную будоўлю, пра якую мы распавядалі. На фота відаць, як выглядае ўжо ўзведзены будынак.

Калі працэсія ішла праз горад, яе суправаджалі супрацоўнікі АМАП, але не так яўна, як раней. У мінулыя гады ўзброеныя аўтаматамі амапаўцы ішлі наперадзе шэсця, што выглядала недарэчным.

Цяпер вернікі не заўважылі, каб яны ўзначальвалі калону, і ўвогуле, па адчуваннях, міліцыянтаў было значна меней. Наперадзе ішлі каталіцкія скаўты, якія дапамагалі кіраваць рухам калоны.

Яшчэ адна адметнасць у тым, што сёлета, магчыма, у апошні раз маршрут працэсіі быў «урэзаным». З 2023 году шэсце не даходзіць да Чырвонага касцёла, які застаецца закрытым. У студзені 2027 года рэканструкцыю касцёла павінны завяршыць і зноў перадаць яго, як абяцалі ўлады, у карыстанне парафіі святога Сымона і святой Алены.

Калі гэта сапраўды адбудзецца, з наступнага года маршрут працэсіі Божага Цела могуць працягнуць, як гэта было раней, да Чырвонага касцёла.

Media

Last modified onНядзеля, 07 Чэрвень 2026 20:35
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.