Касцёл у Петрыкаве: Палессе мае патрэбу ў новай евангелізацыі [+ фота затопленага паводкай горада]
- Written by Павел Мицкевич
- Published in Навіны - Гомель
- Comments (4)
Гомельскія вернікі пабывалі ў гасцях у петрыкаўскіх каталікоў і паплавалі на чоўне па разлітай Прыпяці.
У рыма-каталіцкіх парафіях у Петрыкаўскім раёне - цэнтры беларускага Палесся - ужо паўтара гады служыць айцец Аляксандр Драбышэўскі. Сам ён гомелец, скончыўшы семінарыю, быў вандроўным святаром, пасля чаго яго накіравалі ў Петрыкаў. Мы пабывалі ў гасцях у айца Аляксандра і распыталі пра ягонае служэнне ў палескай глыбінцы.
Служыць святар у парафіях не толькі ў Петрыкаве, але і ў двух вёсках - Брынеў і Капаткевічы. Прычым, ва ўсіх трох месцах былі пабудаваныя практычна аднолькавыя храмы. На пачатку 2000-х тут служыў айцец Яфрэм, які змог знайсці грошы на будаўніцтва касцёлаў. Наогул, каталікі на гомельскім Палессі з'явіліся пры Рэчы Паспалітай - кажуць, прыехалі з Польшчы. У акрузе было каля двух тысяч каталікоў. Драўляны храм у цэнтры Петрыкава згарэў яшчэ ў Першую сусветную вайну, а пасля бальшавіцкай рэвалюцыі пачаліся ганенні на хрысціянаў, і толькі ў 90-х парафіі адрадзіліся.
Зараз Петрыкаўскую рыма-каталіцкую парафію Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі складаюць каля 40 чалавек, а ў сельскіх - ад шасці да дванаццаці вернікаў. Ёсць у Петрыкаве некалькі дзяцей-католікаў, для якіх семінарыст Віктар Прыходзька (ён падчас сваёй практыкі дапамагае айцу Аляксандру) праводзіць заняткі ў нядзельнай школе. Адна дзяўчынка рыхтуецца да Першай Камуніі. Таксама ў Петрыкаве ёсць прадстаўнікі руху Легіёна Марыі.
За паўтара гады служэння айцец Аляксандр, на жаль, практычна нікога не вянчаў і ня хрысціў, а толькі хаваў. Хрышчэнне было толькі аднойчы: састарэлы мужчына прыняў хрышчэнне і неўзабаве памёр.
- На гэтых тэрыторыях неабходна праводзіць новую евангелізацыю. Бо большасць людзей тут не ходзяць ні ў праваслаўныя, ні ў каталіцкія храмы. Па раніцах многія мужчыны стаяць ля дзвярэй свайго «храма» - алкагольнай крамы. Справа не толькі ў тым, што спакон веку палешукі займаюцца магіяй і чарадзействам - значна больш на знішчэнне веры паўплывалі камуністы. Тут трэба зноўку абвяшчаць Хрыста.
Айцу Аляксандру цяжка паспяваць служыць у трох парафіях, але пры наяўнасці часу ён мае намер арганізаваць у Петрыкаве катэхезы для дарослых, каб захаваць цяперашніх парафіянаў і адкрыць Хрыста для іншых.
Related items
- Ватыкан адмовіў расійскім католікам у пераходзе ў заходні абрад
- У Газе і не толькі: вулічныя Імшы пры крыжах праводзяць у рэгіёнах Беларусі
- «Умацаванне стабільнасці і адзінства». Дзяржорганы назвалі свае задачы ў рабоце з Царквой
- Пад гукі скрыпкі: у палескім райцэнтры да Першай Камуніі прыступілі двое дзяцей
- «Яго тут няма». Онлайн-краму адзення з хрысціянскім мерчам адкрылі ў Мінску