Logo
Print this page

Махляр, які ў Гомелі і Брэсце прадстаўляўся каталіцкім місіянерам, устаноўлены

22-гадовы жыхар Жытоміра выкраў у парафіян касцёлаў грошы, але злачынцу так і не знайшлі.

Праваахоўныя органы ўстанавілі асобу махляра, які падмануў некалькіх парафіянак гомельскай каталіцкай царквы, а таксама арудаваў у Брэсцкай вобласці. Ім аказаўся 22-гадовы жыхар Жытоміра. Ахвяры апазналі злачынца па фатаграфіі. Зараз зламысніка шукаюць, а па гарачых слядах міліцыі так і не атрымалася яго затрымаць, нягледзячы на тое, што махляр яшчэ некалькі дзён пасля злачынства калясіў па Гомельскай вобласці і карыстаўся мабільным тэлефонам адной з ахвяр. Дарэчы, на званкі ў службу знаёмстваў ён выдаткаваў каля 700 тысяч рублёў.

Нагадаем, ахвярай невядомага махляра стала парафіянка гомельскага касцёла - 2 жніўня незнаёмы мужчына прыйшоў дадому да жанчыны і прадставіўся каталіцкім місіянерам. Пры гэтым махляр казаў з відавочным польскім акцэнтам і спасылаўся на сяброўства з пробашчам гомельскай рыма-каталіцкай парафіі.

Мужчына таксама быў у курсе многіх падзеяў з жыцця парафіі і дыяцэзіі, пра якія, магчыма, прачытаў у інтэрнэце. Махляр папрасіў парафіянку пазычыць грошай, якія абяцаў вярнуць. Казаў, што ў яго зламалася машына, а яшчэ грошы нібыта патрэбныя на падарунак святару. У выніку падманным шляхам мужчына завалодаў сумай звыш мільёна рублёў.

- Ішоў моцны лівень, калі ён з'явіўся на парозе нашага дома. Сцвярджаў, што едзе з Германіі і праводзіць у каталіцкіх парафіях духоўныя практыкаванні. Казаў, што хутка стане святаром, а пакуль проста місіянер. Грошы і дакументы нібыта пакінуў у машыне на трасе, і папрасіў пазычыць беларускіх грошай. Яшчэ прыняў у нас ванну, паабедаў, а потым узяў мабільны апарат, каб патэлефанаваць. Выйшаў на вуліцу і знік, - распавядае парафіянка. Жанчына падала заяву ў міліцыю, але пакуль махляр на волі.

Пазней стала вядома, што ашуканец быў дома яшчэ ў адной пажылой парафіянкі, у якой таксама прыняў ванну і пазычыў 100 тысяч рублёў. Пасля таго, як мужчына сышоў, жанчына заўважыла знікненне кашалька.

Last modified onСубота, 24 Жнівень 2013 20:10
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.