Logo
Print this page

У Гомелі арганізоўваецца група каталіцкага «Легіёна Марыі»

Удзельнікі руху дапамагаюць у храме, наведваюць хворых, наведваюць абартарыі

У гомельскай рымска-каталіцкай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі арганізоўваецца група «Легіёна Марыі» - сусветнага каталіцкага руху, мэта якога - дасягненне ўласнай святасці і евангелізацыя сярод тых, хто жыве па-за Царквой.

Ва ўрачыстасць Хросту Пана гомельскую парафію наведалі легіянеркі Таццяна з Мазыра і Нэлія з Калінкавічаў. Яны распавялі пра рух і пра свой удзел у ім, запрасілі мясцовых парафіян уступаць у «Легіён Марыі».

У Беларусі рух служыць з 1994 года, ужо даўно колькасць яго ўдзельнікаў перавысіла тысячу чалавек. А ўсяго ў свеце ў «Легіёне Марыі» - каля 13 млн чалавек.

Яны наведваюць шпіталі, дзіцячыя дамы, размаўляюць з людзьмі аб грамадзянскіх шлюбах, абортах і іншых грахах, якія робяць чалавека няшчасным. У кожнага легіянера ёсць свае абавязкі. Раз на тыдзень парафіяльная група збіраецца на сустрэчу, каб разам памаліцца. Заданні кожнаму дае святар, зыходзячы з здольнасцяў, інтарэсаў і харызмы чалавека. Нехта дапамагае ў прытулках і шпіталях ці ходзіць у абартарыi, некаторыя дапамагаюць у храме ці наведваюць адзінокіх састарэлых людзей.

Па ўсіх пытаннях адносна ўдзелу ў гомельскай групе «Легіёна Марыі» можна звяртацца да пробашча парафіі а. Леанарда па тэлефоне: +37529 802-99-45.

Last modified onПятніца, 18 Студзень 2019 17:16
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.