Logo
Print this page

Відэа: У касцёле Нясвіжа працягваюць ратаваць пахавальню Радзівілаў ад падтаплення

Парафіяне арганізавалі дзяжурствы, пробашч храма таксама адпампоўвае ваду.

У Нясвіжскім фарным касцёле Божага Цела па-ранейшаму адбываецца затапленне склепа радавой пахавальні князёў Радзівілаў. Ужо амаль 10 дзён вада прыбывае, і струмень не спыняецца. Жартам вернікі яго нават называюць "цудатворнай крыніцай".

Нагадаем, з 7 сакавіка ў крыпце пачала збірацца вада, якая на працягу некалькіх гадзін падымаецца да такога ўзроўню, што яе даводзіцца вычэрпваць вёдрамі - гэта рабілі парафіяне касцёла да таго часу, пакуль у склепе не падключылі помпу. Яна адпампоўвае ваду тройчы на ​​дзень. Аднак і парафіянам па-ранейшаму даводзіцца арганiзоўваць дзяжурствы і выносіць вёдрамі ваду. Пробашч парафіі кс. Пётр Шарко таксама ўдзельнічае ў працах па выратаванні крыпты, дзе знаходзіцца каля 70 саркафагаў. Яны знаходзяцца на ўзвышшы, таму парэшткам пакуль нічога не пагражае, аднак вада псуе сцены помніка архітэктуры.

У касцёле спадзяюцца, што ў бліжэйшы час сюды павінны прыбыць рэстаўратары, якім трэба будзе абследаваць склеп і даць сваё заключэнне пра прычыны надзвычайнага здарэння і ліквідацыі наступстваў, спланаваць далейшыя дзеянні па ліквідацыі затаплення. Пакуль дакладныя прычыны інцыдэнту не ясныя.

Каталіцкі храм Божага Цела ў Нясвіжы ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, цяпер у касцёле праходзяць рэстаўрацыйныя работы. Храм, збудаваны ў гэтым старажытным беларускім горадзе ў канцы XVI стагоддзя, з'яўляецца помнікам ранняга барока і першым езуіцкім храмам на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Глядзіце рэпартаж аб здарэнні тэлеканала "Белсат".

Media

Last modified onПятніца, 16 Сакавік 2018 11:28
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.