BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Здарэнне на фэсце ў Будславе: падчас набажэнства ўпаў дрон – цудам ніхто не пацярпеў

Паводле відавочцы, калі б людзі не спыніліся, квадракоптар мог бы сур'ёзна параніць некалькі чалавек.

Пра здарэнне на фэсце ў каталіцкім Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, дзе 4-5 ліпеня прайшла масавая ўрачыстасць, распавялі пілігрымы. Увечары ў пятніцу, падчас набажэнства Крыжовага шляху на вуліцы перад храмам, побач з людзьмі зваліўся вялікі квадракоптэр.

Дрон упаў у тое месца, якое было па ходзе руху шэсця. Але гэта адбылося ў момант, калі ўдзельнікі набажэнства зрабілі прыпынак для разважання – таму беспілотнік цудам нікога не зачапіў.

«Калі б людзі не спыніліся, дрон мог бы сур'ёзна параніць некалькі чалавек. Ён быў велізарны, чорны. Паваліўся з вышыні ў пары метраў ад людзей і разбіўся», – распавёў відавочца.

Верагодна, гэта быў прафесійны апарат, з якога вёў здымкі адзін з дзяржаўных тэлеканалаў. Выкарыстанне такіх дронаў дазволена ў Беларусі толькі пэўным арганізацыям. Рэпартажы з Будслава здымалі АНТ, СТБ і Беларусь 1, а Беларусь 3 вёў прамую трансляцыю ў пятніцу на канале санктуарыя, назаўтра – таксама і на сваім тэлеканале.

На апошніх кадрах відаць, што ў суботу для здымак выкарыстоўваўся звычайны, маленькі Mavic.

У рэпартажы АНТ былі кадры з дрона – з начной працэсіі, ужо пасля здарэння.

Як дадаў відавочца, праз некалькі хвілін пасля інцыдэнту супрацоўнікі спецыяльных службаў прыйшлі і забралі апарат, які разбіўся:

«Цікава, што ў момант падзення дрона ўсе засталіся стаяць, не змяніўшы выраз на твары. Ніхто ніяк не адрэагаваў – як быццам гэта нешта звычайнае».

Наўрад ці квадракоптар, які разбіўся, мог належаць міліцыі, якая несла ў Будславе службу ва ўзмоцненым рэжыме. На фота, апублікаваных УУС Мінаблвыканкама, былі паказаны маніторы з карцінкамі з камер відэаназірання – камеры дрона сярод іх не было.

Паводле аднаго са спецыялістаў, такі вялікі, па апісанні відавочцы, квадракоптар можа выкарыстоўвацца ў сельскай гаспадарцы або для прафесійнай відэаздымкі. Напрыклад, гэта можа быць Inspire ад DJI, які важыць каля 4 кілаграмаў.

«Дрон мог зваліцца праз тое, што рэзка разрадзіўся акумулятар, або праз перашкоды GPS. У любым выпадку, забаронена запускаць квадракоптэры над скапленнем людзей – рабіць здымкі можна толькі з боку. Магчыма, гэтае правіла было парушана, калі дрон зваліўся пасярод натоўпу», – пракаментаваў спецыяліст.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onПанядзелак, 07 Ліпень 2025 11:31
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць