Logo
Print this page

«Няпраўда абурае». Што не так са звальненнем пробашча Чырвонага касцёла паводле вернікаў

Два фактары сталі ключавымі: фігура ксяндза Ўладзіслава Завальнюка у звязцы з ягоным змаганнем за вяртанне храма і форма падачы навіны, якая падрывае давер.

У сувязі з гарачай дыскусіяй вакол звальнення пробашча Чырвонага касцёла ў Мінску падводзім некаторыя вынікі абмеркавання падзеі: якія высновы зрабілі вернікі, як паставіліся да таго, што адбылося, і чаму ўвогуле навіна выклікала ў многіх абурэнне і засмучэнне.

Перш за ўсё адзначым, што ў каментарах вернікаў выказвалася разуменне сітуацыі – таго, што парафіі і святыні не з'яўляюцца ўласнасцю святароў і вернікаў, і што адстаўка пробашчаў – нармальная справа. Аднак два фактары сталі ключавымі: гэта фігура ксяндза Ўладзіслава Завальнюка, аднаго з самых шанаваных святароў Беларусі, у звязцы з ягоным змаганнем за вяртанне закрытага Чырвонага касцёла, а таксама – форма падачы навіны аб ягоным звальненні.

Многія вернікі, у тым ліку з парафіі Святога Сымона і Святой Алены, адзначалі, што яны чакалі сыходу пробашча ў адстаўку, і пасля таго, што адбылося, яны яшчэ больш упэўніліся ў меркаванні, што звальненне ксяндза Ўладзіслава Завальнюка – умова, якую паставілі ўлады для адкрыцця Чырвонага касцёла.

Не ўсе згодныя, што варта было ісці на гэту чарговую ўступку, аднак болей за ўсё абурыла і засмуціла тое, што касцёльныя ўлады падалі навіну з фармуліроўкай «...у адказ на скіраваную ад яго просьбу звольнены з пасады пробашча».

Парафіяне сцвярджаюць, што гэта няпраўда – святар не падаваў просьбу аб звальненні. Таму адзначаюць, што гэта вельмі падрывае давер да касцёльных уладаў і афіцыйных каталіцкіх медыя.

Вернікі так і не знайшлі пацвярджэння таго, што заява ад пробашча была, нам таксама такіх доказаў не прадаставілі, адзначыўшы, што прашэнне магло быць і вусным. У любым выпадку, звальненне можна было патлумачыць душпастырскімі прычынамі – тады б гэта не выклікала столькі абурэння, падзелаў, але б выклікала больш разумення.

Больш за тое, ключавыя пытанні не патлумачылі і падчас развітання з пробашчам і нават адключылі онлайн-трансляцыю з гэтай падзеі. Вернікі адзначаюць, што адчулі непавагу да сябе.

Прывядзем некаторыя меркаванні вернікаў, выказаныя публічна:

«Абурае няпраўда. Ксёндз Уладзіслаў гаворыць, што не падаваў просьбы адправіць яго на пенсію. І як тады ставіцца да афіцыйнай навіны? Як святар, ён, вядома, не аспрэчвае волю біскупа, але і казаць, што гэта ён сам прасіўся "на адпачынак" тады не выпадае. Мне думаецца, што найлепшым сродкам, каб спыніць хвалю здагадак і домыслаў, было б апублікаванне фота той самай "заявы". Я разумею, што наўрад ці быў такі прэцэдэнт, але тут вельмі няпростая сітуацыя. Наш пробашч – сапраўды чалавек, з якога фантаніруе энергія, і ўявіць, што ён раптам пажадаў спыніць дзейнасць... Неяк неверагодна гучыць», – лічыць Марыя.

Таксама яна адзначыла «гарачую зацікаўленасць лёсам» ксяндза Ўладзіслава – бо яго проста звольнілі, не прызначыўшы служыць у якую-небудзь іншую парафію.

«Сітуацыя непрыгожая, але зразумелая. Значыць, улады такія ўмовы паставілі: Касцёл прыбірае пробашча, і толькі тады «Спадчына» паварушыцца з рамонтам», – зрабіў выснову Мікалай.

«Закрыты Чырвоны касцёл сведчыць нашмат мацней, чым адкрыты, у якім баяцца сведчыць аб Праўдзе», – упэўнены Андрэй.

Паводле яго, «без такіх пастыраў касцёлы ператвараюцца ў «бюро рытуальных паслуг» і «гурткі касцёльнага спеву».

«Цяперашнія рэаліі ўсе разумеюць, і калі вызваленне ксяндза Ўладзіслава ад пасады пробашча можа дапамагчы ў вяртанні храма – хто ведае, можа і неблагі гэта крок (...) Але вельмі расчаравала іншае. Навошта публікаваць хлусню на афіцыйным сайце. Нехта можа апраўдаць хлусню нейкімі шматхадовачкамі, але гэта аргумент для жыцця свецкага, дзе няма паняцця граху і абсалютнасці маралі», – тлумачыць сваю пазіцыю Віктар.

Фота: Віктар Ведзень

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onПанядзелак, 29 Ліпень 2024 11:09
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.