Каталіцкі святар у Беларусі сустрэў Пасху за кратамі і працягвае знаходзіцца ў зняволенні
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Сабралі, што вядома пра ксяндза Анатоля Парахневіча.
Вялікі тыдзень і Пасху правёў у зняволенні каталіцкі святар у Беларусі – пробашч парафіі ў Альковічах Вілейскага раёну ксёндз Анатоль Парахневіч. Як даведаліся вернікі, святара, затрыманага ў сярэдзіне сакавіка, не адпусцілі на волю.
Ужо больш за два тыдні ксёндз знаходзіцца за кратамі, пры гэтым невядома, за што яго затрымалі і ў чым абвінавачваюць. Афіцыйных паведамленняў Касцёла на гэты конт не з'явілася. У асяроддзі святароў вернікам нічога не адказваюць пра лёс сабрата, некаторыя адзначаюць, што сапраўды ніякай інфармацыі пра пробашча ў Альковічах няма. Магчыма, штосьці вядома біскупам, але яны не дзеляцца гэтымі звесткамі.
Ксяндзу Анатолю 65 гадоў. У яго няма родных і блізкіх, таму штосьці даведацца пра яго няма ў каго, акрамя біскупаў. У Альковічах святар служыць з 2007 году,да гэтага служыў у Ракаве і Заслаўі, а навучаўся ў польскім Беластоку. Летась ён адзначыў 30-годдзе святарскага пасвячэння – як і арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Ксёндз Анатоль у Альковічах стварыў невялікі музей пры касцёле. Тут захоўваў вышытыя шоўкам арнаты 18 стагоддзя, аздобленыя радавымі слуцкімі паясамі, унікальную калекцыю беларускіх рушнікоў, старадаўнія кнігі.
У мясцовай раённай газеце святара называлі «пастырам душ чалавечых, гісторыкам і збіральнікам даўніны», адзначалі яго ўменне ўпрыгожваць алтар і ўвесь храм непаўторнымі кветкавымі кампазіцыямі. Кветкі ён вырошчваў ва ўласным садзе, таксама меў свой пчальнік, гатаваў пірагі і торты.
Парафія ў Альковічах зусім маленькая, і там, наколькі вядома вернікам, ніякай інфармацыі пра пробашча таксама не маюць. Атрымалася даведацца толькі тое, што касцёл быў зачынены нейкі час пасля вобшуку, але потым ключы вярнулі – цяпер служыць у парафію прыязджае іншы ксёндз. Дом пробашча па-ранейшаму застаецца зачыненым.
Вернікі мяркуюць, што святара ўтрымліваюць у СІЗА КДБ. Калі гэта сапраўды так, то яго могуць абвінавачваць у «здрадзе дзяржаве», ці іншых крымінальных злачынствах супраць дзяржавы. Але дакладных звестак на гэты конт пакуль няма.
Чарговае затрыманне каталіцкага святара ў Беларусі адбылося літаральна праз чатыры месяцы пасля вызвалення пры пасрэдніцтве Ватыкана двух дагэтуль зняволеных святароў – ксяндза Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча. Яны па-ранейшаму знаходзяцца ў Рыме, не могуць вярнуцца ў Беларусь і удзельнічаць у публічнай дзейнасці.

У гэтай сітуацыі вернікі асаблівым чынам моляцца за ксяндза Анатоля Парахневіча – так жа, як маліліся на працягу доўгага часу за ксяндза Генрыха і айца Анджэя.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
«Нельга святкаваць Вялікдзень і...» Моцнае слова арцыбіскупа Кандрусевіча на Пасху
-
Ва ўмовах вострага недахопу святароў прызначаны пробашчы парафій, дзе служылі польскія ксяндзы
-
Новы факт ціску на католікаў у РФ: з храма ва Уладзіміры патрабуюць прыбраць абраз заступніка парафіі
-
Рэдкая ва ўсім свеце. У Беларусі ёсць месца, дзе просяць дапамогі ў зачацці дзіцяці
-
«На ўсе аргументы – адмова». У Мінску вернікам не дазволілі памаліцца ля Чырвонага касцёла ў памятную дату