«Ён не прасіў аб адстаўцы». Парафіяне – аб звальненні пробашча Чырвонага касцёла
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Стала вядомая новая пасада ксяндза Уладзіслава Завальнюка, а пытанне ягонага ўтрымання вырашана ў індывідуальным парадку.
Вернікі з парафіі Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску (закрытага Чырвонага касцёла), якія кантактуюць з ксяндзом Уладзіславам Завальнюком, звольненым з пасады пробашча, сцвярджаюць, што святар не прасіў яго звальняць. Таму не давяраюць інфармацыі на сайце архідыяцэзіі адносна таго, што «...у сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту, у адказ на скіраваную ад яго просьбу, звольнены з пасады пробашча».
Паспрабавалі разабрацца ў сітуацыі. У Кодэксе кананічнага права прапісана рэкамендацыя пры дасягненні 75-гадовага ўзросту падаць прашэнне аб адстаўцы. Біскуп вырашае, прыняць яго ці адхіліць, і пры станоўчым рашэнні павінен паклапаціцца пра ўтрыманне і жыллё для пробашча, які сыходзіць у адстаўку.
«Усё вырашылі за яго. Ён вярнуўся ў плябанію разгубленым. Пачаў збіраць рэчы. Невядома, што з плябаніяй цяпер будзе», – перажываюць вернікі.
Нагадаем, плябанія – дом для святара – адзіны будынак, які амаль на працягу двух гадоў адстойвалі вернікі і ладзілі там малітву, хоць у памяшканні адключаныя і вада, і электрычнасць, і ацяпленне.
Паводле парафіянаў, у дэкрэце не прапісана нічога адносна месца жылля звольненага святара і ягонага ўтрымання на пенсіі. Аднак стала вядома, што пытанне жылля і ўтрымання святара вырашана з ім у індывідуальным парадку, а таксама названая новая пасада ксяндза Уладзіслава Завальнюка – ён стаў каардынатарам і адказным за вядзенне бэатыфікацыйнага працэсу Эдварда Вайніловіча: развіцце культу, правядзенне канферэнцый, даследванняў.
«Прызначэнні, якія сення былі агучаныя, гэта справа не спантанная. З усімі зацікаўленымі была праведзена размова і атрыманая згода. Сення мы сталі сведкамі тых дамоўленасцяў, якія былі дасягнуты раней», – адказала крыніца.
«Пазбавілі такога паважанага святара, які адзначыў 75-годдзе жыцця і 50-годдзе святарства, капелан Папы Рымскага! Ён поўны сіл і па-ранейшаму быў гатовы змагацца за вяртанне касцёла, ішоў у пілігрымку ў Будслаў, трымаючы пост на хлебе на вадзе!» – не згаджаюцца вернікі і адзначаюць, што чакалі змены пробашча – такія чуткі хадзілі раней, «аднак, у шоку ад таго, як гэта зрабілі».
Праводзіць святара збіраюцца на Імшы ў архікатэдры ў 15.00 28 ліпеня. Вернікі спадзяюцца, што падчас гэтай падзеі сітуацыя стане больш зразумелай.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >