Абраз Багародзіцы эпохі Рэнесансу знайшлі ў Гомелі
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Навіны - Гомель
- Add new comment
За 400 гадоў Мадонна перажыла «пераводы» ў розныя канфесіі і нават расстрэл.
Пры рэстаўрацыйных работах у Гомельскім епархіяльным упраўленні Беларускай праваслаўнай царквы выявілі унікальны абраз. Спецыялісты вызначылі, што знойдзены ў вёсцы Уза Гомельскага раёна абраз Панны Марыі можа мець 400-гадовы ўзрост. Дарэчы, абраз заўважыў і прывёз у рэстаўрацыйную майстэрню епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан.
Пад некалькімі пластамі новай фарбы рэстаўратары выявілі старадаўні жывапіс, унікальны для Гомельшчыны. Мяркуецца, што абраз быў напісаны ў XVI - XVII стагоддзях пад уплывам італьянскага Адраджэння, пра што гаворыць таксама спосаб апрацоўкі дошак іконы. А на ўплыў Рэнесансу паказваюць і прапорцыя кампазіцыі, і характэрнае становішча фігуры Мадонны, і мяккая, паветраная прамалёўка лікаў. Па словах рэстаўратара Гомельскай епархіі Алены Паповай, абраз выкананы тэмпернай фарбай на тонкім пласце ляўкасу ў тыпова італьянскім стылі. Юная Божая Маці з Дзіцяткам Езусам на руках стаіць на паўсферы - Зямлі, на якую яна прынесла Сына Божага. Асаблівасць гомельскай Мадоны - яе ледзь улоўная ўсмешка, амаль як у загадкавай Джаконды.
Можна толькі здагадвацца, ці быў абраз прывезены ў Вялікае Княства Літоўскае з Італіі, або тут яе напісаў госць з далёкіх Апенін, а можа быць і мясцовы майстар, які вучыўся ў Італіі. Складана дакладна сцвярджаць, у святыні якой канфесіі размяшчаўся абраз, але першапачаткова напісаны ён быў у заходне-хрысціянскай (каталіцкай) традыцыі - з непакрытай галавой. А потым Панне Марыі дамаляваць хустку. Мяркуючы па ўсім, абраз «пераводзілі» з адной канфесіі ў другую. Пра яе нялёгкі лёс кажа і наяўнасць свінцовага дробу ў дошках - абраз расстрэльвалі, магчыма, у перыяд якой-небудзь з войнаў. Пасля заканчэння рэстаўрацыйных работ абраз, магчыма, будзе змешчаны ў музей епархіі.
Нагадаем, раней у Гомелі рэстаўравалі унікальны трохметровы абраз 1811 году Яна Дамеля >>>
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Золата для абраза Божай Маці збіраюць у Гомелі >>>
Related items
-
Рэдкі прыклад: праваслаўны хор спявае на беларускай, украінскай ды іншых мовах
-
Ні ў Маскве, ні ў Мінску, ні ў Заслаўі праваслаўнае духавенства не ўдзельнічала ў малітве аб адзінстве хрысціян
-
Забарона абортаў у прыватных медцэнтрах у Беларусі выклікала рэзананс. Што могуць адказаць хрысціяне?
-
Тры народы – Польшчы, Беларусі і Украіны – аб'яднала незвычайная кампазіцыя ў цэнтры Варшавы
-
«Я не каталічка, але прыходжу ў касцёл». Цікавая дыскусія ўзнікла сярод эмігрантаў