BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Колькі ў Беларусі атэістаў, якім можа перашкодзіць свята?

Па афіцыйных дадзеных - 8,5%. І 100% усіх жыхароў краіны калісьці памруць...

Па афіцыйных дадзеных нацыянальнага сацапытання, апублікаваных у 2016 годзе, 8,5% апытаных прызналі, што з'яўляюцца атэістамі. 63,5% рэспандэнтаў адказалі, што вераць у Бога. Апытанне было арганізаванае Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі.

Гэта я да чаго... Як распавядаў Katolik.life, для адмовы католікам ў выходным у Дзень памяці продкаў улады знайшлі вось якую нагоду: «Права на свабоду веравызнання, замацаванае ў Канстытуцыі, не дае вернікам ніякіх пераваг перад грамадзянамі, якія прытрымліваюцца атэістычных перакананняў. У адваротным выпадку гэта парушыць прынцып раўнапраўя грамадзян».

Адмова ўладаў ва ўстанаўлені непрацоўнага дня, вядома, была чаканай і толькі пацвердзіла тое, пра што мы здагадваліся. І, думаю, не выпадкова ў Апараце Саўміна як бы не заўважылі, што амаль 2 тыс. тых, хто падпісаўся пад петыцыяй, рабілі ўпор не на чыста каталіцкае свята - Усіх святых, а на Дзень памяці памерлых. Бо вядома, што «Дзяды» адзначаюць далёка не адны католікі.

Але галоўнае тое, што тэма выклікала шырокае абмеркаванне ў сацсетках і прэсе, што ў грамадстве паўстаў рух. Сапраўды, сярод каментатараў ёсць тыя, хто падтрымлівае рашэнне ўладаў - яны заяўляюць аб тым, што з'яўляюцца атэістамі і прынцыповымі ворагамі веры ў Бога. Але тыя ж атэісты прызнаюцца, што зусім не супраць дадатковага выхаднога, і задаюцца пытаннем: а чаму ў краіне да гэтага часу з'яўляецца выхадным дзень крывавай рэвалюцыі бальшавікоў? Бо гэтую падзею ў краіне дакладна адзначаюць адзінкі!

Дык вось, да тэмы: атэістаў у Беларусі 8,5%. Католікаў - да 15%, праваслаўных - у разы больш. Можна парыраваць: лічбы не маюць значэння, бо ў дэмакратычнай дзяржаве павінны паважацца правы нават самай малалікай меншасці. Так, сапраўды, але толькі вось з гэтай лічбай не паспрачаешся: 100% усіх жыхароў Беларусі, нават атэісты, калісьці памруць. Дай Бог, каб было каму прыходзіць на нашы магілы і каб на гэта нашы дзеці мелі вольны час.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць