BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

На ўручэнні Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі з турмы працытаваў святога Яна Паўла II

«Малюся, каб рэчаіснасць не прымусіла мяне адкапаць даўно закапаную сякеру... Няхай мір застанецца ў маёй душы», - перадаў з-за кратаў беларускі праваабаронца праз сваю жонку

Беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму 10 снежня ў Осла ўручылі Нобелеўскую прэмію міру. Ён не змог асабіста атрымаць узнагароду, бо ўжо 17 месяцаў утрымліваецца за кратамі ў межах крымінальнай справы. Таму прэмію замест Бяляцкага атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук. Яна ж выступіла з прамовай, працытаваўшы словы Алеся Бяляцкага, якія ён перадаў з-за кратаў.

Поўны тэкст прамовы на беларускай мове апублікаваў Нобелеўскі фонд. Прывядзем вытрымкі са словамі лаўрэата. «Гэтая прэмія належыць усім маім сябрам-праваабаронцам, усім грамадскім актывістам, дзясяткам тысяч беларусаў, якія прайшлі праз збіццё, катаванні, арышты, турму. Гэтая прэмія — узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян, якія выступілі ў абарону сваіх грамадзянскіх правоў. Яна падкрэслівае тую драматычную сітуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне».

«Мы хочам уладкаваць нашае грамадства як больш гарманічнае, справядлівае і спагаднае. Дабіцца незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Марым, каб яна была ўтульнай і прывабнай для жыцця. Гэтая ідэя высакародная, сугучная агульным для свету цывілізацыйным уяўленням. Мы ж не марым пра штосьці надзвычайнае, мы хочам усяго толькі «людзьмі звацца», як сказаў наш класік Янка Купала. Тут — і павага да сябе саміх, і да іншых, тут і правы чалавека, дэмакратычны лад жыцця, беларуская мова і нашая гісторыя».

«Людзі праходзяць праз неймаверныя катаванні і пакуты. Камеры і турмы больш нагадваюць савецкія грамадскія прыбіральні, дзе людзей трымаюць месяцамі і гадамі. Я абсалютна супраць таго, каб жанчыны знаходзіліся ў турме, а ўявіце, як ім даводзіцца ў турме Беларусі — у гэтым філіяле пекла на зямлі!»

«Я праваабаронца і таму прыхільнік негвалтоўнага супраціву. Я — не агрэсіўны па натуры чалавек, імкнуся гэтак заўсёды паводзіць сябе. Аднак я таксама добра разумею, што дабро і праўда павінны ўмець абараняць сябе. Як магу, трымаю мір у маёй душы, гадую яго, як далікатную кветку, адганяю злосць. І малюся, каб рэчаіснасць не прымусіла мяне адкапаць даўно закапаную сякеру і бараніць праўду з сякерай у руках. Мір. Няхай мір застанецца ў маёй душы. А 10 снежня мне хочацца паўтарыць для ўсіх: «Ня бойцеся!» Гэта тое, што сказаў у 80-я папа Ян Павал II, калі прыехаў у камуністычную Польшчу. Больш ён нічога тады не сказаў, але хапіла. Я веру, бо ведаю, што пасля зімы наступае вясна».

Нагадаем, словы «Не бойцеся» паўтараюцца ў Бібліі 365 разоў – па колькасці дзён у годзе.

Media

Last modified onНядзеля, 11 Снежань 2022 11:34
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць