BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

"40 дзён сядзелі ў склепе касцёла разам з праваслаўнымі". Як жывуць католікі ў суседнім Чарнігаве

Пробашч збіраў рэчы, але вырашыў застацца з парафіянамі. Вікарый - святар з Беларусі - таксама застаўся пад бамбёжкамі

Хутка парафіяльнае свята будзе адзначаць рыма-каталіцкая парафія Спаслання Святога Духа у Чарнігаве - гэта бліжэйшы да Беларусі абласны цэнтр Украіны. Больш за месяц горад перажываў аблогу, абстрэлы і бамбардзіроўкі расійскай арміі, якая наступала з тэрыторыі Беларусі. Вынікам сталі каля 700 загінуўшых, а горад аказаўся разбураным на 70%, паводле ацэнак мясцовай адміністрацыі.

Як правялі гэты страшны час каталіцкія вернікі Чарнігава, даведаўся Katolik.life. Пробашчам мясцовага касцёла служыць айцец Пётр Урублеўскі з кангрэгацыі Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі. Ён родам з Польшчы, але не з'ехаў пасля пачатку вайны з горада, вырашыў застацца разам са сваімі парафіянамі.

"У адзін дзень да абеду я забіраў са школы аднаго чалавека. А пасля абеду школы ўжо не стала... Тады я пачаў пакаваць сумкі, збіраць парафіяльныя рэчы. Але не змог. Пайшоў у капліцу, кажу: Пане Езу, я баюся, але з'ехаць не магу. Былі рэгулярныя налёты, як па гадзінах: паміж дванаццаццю і гадзінай, паміж чатырма і пяццю", - распавядае святар у відэа на канале кангрэгацыі.

У Польшчу ён выехаў толькі ў траўні - на некалькі дзён, для таго каб сабраць для сваіх вернікаў і іншых жыхароў Чарнігава гуманітарную дапамогу. У горадзе па-ранейшаму дэфіцыт прадуктаў, бытавой хіміі.

Парафіянка Галіна Глюк-Сядова распавяла, як з сям'ёй і іншымі вернікамі перажывала той страшны час:

«З першага дня вайны разам з дзецьмі і шасцю ўнукамі мы знаходзіліся ў склепе касцёла. Разам з намі было шмат праваслаўных, католікаў і два святары. Гэта нашы пробашч айцец Пётр і вікарый айцец Дзмітры Занямонскі - ён прыехаў служыць з Беларусі».

Неўзабаве мы засталіся без вады, цяпла і святла. 40 дзён знаходзіліся ў склепе. Калі не бамбілі горад, мы выходзілі на кухню гатаваць ежу для дзяцей, дарослых і святароў. Было вельмі страшна, бо адусюль абстрэльвалі горад, а потым з усіх бакоў гарэлі дамы, валіў чорны дым. Асабліва страшна было, калі ляцелі самалёты і скідалі бомбы - тады ўздрыгвала ўся зямля, трэсліся сцены, і мы разам з імі. Дзеці вельмі плакалі і крычалі ад страху, а мы ў гэты час маліліся ўсе разам, і Бог нам даваў супакой.

Кожную раніцу ў падвальным памяшканні праводзілася Божая служба ў холадзе, без святла, пры двух свечках. У 15.00 маліліся каронкай да Божай Міласэрнасці, у 20.00 чыталі Ружанец і малебен. Былі такія дні, што абстрэлы вяліся і днём, і ўсю ноч, тады маліліся часцей. Вельмі ўдзячныя нашым святарам, якія мелі магчымасць выехаць з Украіны, жыць пад мірным небам, але засталіся з намі да канца! Дзякуючы нашым малітвам і малітвам усяго свету вораг адступіў ад Чарнігава. І нізкі паклон нашым ВСУ.

Парафіяне засталіся ўсе жывыя і здаровыя. Пакуль не ўсе прыходзяць на службу ў храм, бо грамадскі транспарт не працуе, а некаторыя выехалі з Чарнігава. Жыццё парафіі адноўлена. Спадзяемся, што вайна скончыцца і што другога наступу на Чарнігаў не будзе.

Напярэдадні Вялікадня біскуп Кіева-Жытомірскі Віталь Крывіцкі наведваў парафіяльную суполку ў Чарнігаве. Вось што ён казаў аб сустрэчы:

"Сёлета меў магчымасць святкаваць Пальмовую нядзелю ў дзвюх малалікіх парафіях, у Чарнігаве і Славуцічы. Правільней сказаць - у малых грамадках, якія там засталіся. Пасля набажэнства, сустракаючыся з парафіяльнымі актывамі, я пачуў шмат сведчанняў пра жыццё падчас абароны і акупацыі. Пра ўменне служыць адзін аднаму. Аб тым, як абстрэлы і бессань мяняюць спосаб ўспрымання рэальнасці. Дзяліліся аб зразуменні і слабасці, як спрачаліся і мірыліся, як апантана маліліся і ва ўсім давяралі Богу. Цяпер яны радуюцца. Вядома, як і ўсе мы, са стрыманым аптымізмам. З верай, што Гасподзь нас не пакіне і вораг канчаткова сыдзе з нашай зямлі".

Media

Last modified onПятніца, 27 Май 2022 09:53
Каментары   
+1 #1 Алесь 2022-05-27 09:50
Мы, беларускія католікі, таксама вельмі спадзяемся, што такое больш не паўторыцца, і молімся аб гэтым...
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць