«Вокны выбілі не пажарныя». Што адбываецца з зачыненым Чырвоным касцёлам?
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Comments (1)
З'явіліся новыя падрабязнасці здарэння, а храм наведалі следчыя
Каталіцкія вернікі Мінска паведамілі апошнія звесткі аб тым, што адбываецца з Чырвоным касцёлам, зачыненым пасля дзіўнага інцыдэнта. 29 верасня ў храме была следчая група, якая дазволіла работніку касцёла агледзець не ўсе памяшканні:
«Пусцілі не ўсюды. На пытанні неахвотна адказвалі, вочы апускалі. Сказалі, што праз два дні аддадуць ключы, каб навесці парадак і ліквідаваць непаладкі нібыта ў пажарнай сістэме, тады можна будзе адчыніць касцёл».
Вернікі адзначаюць, што так следчыя казалі і адразу пасля пажару, але потым мясцовыя ўлады прынялі рашэнне аб закрыцці храма на нявызначаны тэрмін.

Таксама з'явіліся некаторыя падрабязнасці здарэння:
«Вокны дакладна не выбівалі пажарныя. Так сказалі супрацоўнікі касцёла. Пажарным адкрыла дзверы дзяжурная, не было патрэбы разбіваць вокны. Яны былі разбітыя раней. У МНС пацвердзілі, што звычайна не разбіваюць вокны – толькі калі зачыненыя дзверы».
Паводле вернікаў, працаўнікі касцёла звярталі ўвагу міліцыі, што нехта выбіў вокны раней:
«І ахоўнікі будынку насупраць бачылі, што нехта круціўся ўначы перад вокнамі касцёла, перад тым як прыехалі пажарныя. У іх забралі запісы відэаназірання. На другім паверсе ўсярэдзіне выгараны толькі адзін пакойчык – там, дзе выбіта шкло. Злева і справа пакоі не кранутыя агнём».
Нагадаем, у МНС заявілі, што ў храме загарэлася электраправодка, аднак пажар тушылі вадой, што можа аспрэчваць афіцыйную версію.

З моманту закрыцця касцёла, 26 верасня, група вернікаў збіраецца на малітву пад сценамі храма штовечар.
Related items
-
Занядбаны сучасны храм заўважылі на Міншчыне. Чаму так?
-
Каталіцкаму святару ў Беларусі вынеслі прысуд
-
Упершыню ва ўсёй Беларусі не адбылася малітва на месцы гібелі ахвяр рэпрэсій. Апошнім быў Гомель
-
Упершыню ў Беларусі плануюць аднавіць разбураны старадаўні храм
-
Стала вядома, калі можа скончыцца будоўля ля касцёла на Залатой Горцы ў Мінску
RSS-стужка каментароў гэтага запiсу