BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Усмешкі, сардэчкі, лайкі. Як адрозніваецца стыль «новых» біскупаў і што яшчэ ад іх чакаюць

Якімі бачаць біскупаў вернікі і святары і на які плён іх служэння спадзяюцца?

За час служэння двух «новых» каталіцкіх біскупаў Беларусі ў вернікаў ужо склалася ўражанне пра іх стыль, які заўважна адрозніваецца ад стылю больш старэйшых іерархаў.

Абодва біскупы, прызначаныя ў 2024 годзе, – Уладзімір Гуляй, які стаў біскупам Гродзенскім, і Андрэй Зноска, які застаецца дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, прыцягваюць да сябе больш увагі, чым іншыя іерархі, дзякуючы большай медыйнасці. Абодва маюць старонкі ў Instagram і актыўна іх абнаўляюць.

Якімі бачаць біскупаў вернікі праз іх паблікі? Заўважна, што яны імкнуцца быць больш «чалавечнымі», блізкімі да людзей. Відэазвароты біскупа Гуляя – пранікнёныя, цёплыя, часта з усмешкай.

Больш за ўсіх на фота ўсміхаецца біскуп Зноска. І абодва іерархі часам пазіруюць на фота з жэстамі лайкаў, пінскі іерарх – сардэчак (апошнім часам радзей). Многім гэта падабаецца, але не ўсе вернікі лічаць, што такі стыль падыходзіць біскупам.

Зразумела, што яны імкнуцца выглядаць сучаснымі, каб прыцягваць да сябе моладзь. Біскуп Гродзенскі нават граў на барабане падчас канцэрту праслаўлення.

Відаць, вялікую частку моладзі гэта прыцягвае, аднак у той жа час, паводле апошніх тэндэнцый, у цяперашняй моладзі расце запыт на класічнасць, што найлепей паказвае сітуацыя ў Францыі.

Там назіраецца бум навяртанняў сярод маладых людзей і вялікі попыт на «класічную Імшу», грыгарыянскія спевы, курсы пры кляштарах. У Беларусі таксама – некаторыя маладыя людзі нават выказваюць пажаданне ўдзельнічаць у Трыдэнцкай святой Імшы.

Некаторыя лічаць, што біскупам – разам з адкрытасцю і добразычлівасцю – пасуе класічная строгасць. Часам кантраст «новага» і «старога» стылю заўважны на здымках біскупаў.

Так, неабходную строгасць «новыя» біскупы захоўваюць падчас святых Імшаў, афіцыйных мерапрыемствах, абодва здзяйсняюць шмат візітаў у парафіі. Біскуп Зноска імкнецца таксама знаёміць падпісчыкаў з культурнымі і гістарычнымі адметнасцямі рэгіёна, смела гаворыць пра негатыўны ўплыў на Царкву савецкай дзяржавы.

Разам з тым, ад «новых» біскупаў падчас наведвання імі парафій працягваюць чакаць не толькі добрых гамілій і ўсмешак, але і ўцягнутасці ў праблемы супольнасцяў, парафіяльных святароў.

У Пінскай дыяцэзіі некаторыя святары выказваюць надзею, што такія візіты ў парафіі не будуць аднаразовымі акцыямі і пачнуць прыносіць не толькі матэрыяльныя выдаткі, але і дапамогу ў вырашэнні праблем. Бог ведае, каго абірае для служэння біскупам, вераць святары, заўважаюць добрыя схільнасці новага біскупа: дальнабачнасць, разважлівасць, валоданне сітуацыяй. І спадзяюцца, што ён закладзе патрэбныя падмуркі на будучыню.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onЧацвер, 04 Снежань 2025 18:55
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць