BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Квіткі ў касцёл раскупілі за хвіліны. Храм у Брэсце ператвараюць у канцэртную залу: меркаванні і пытанні вернікаў

Эстэтыка замест духоўнасці. Частка вернікаў лічыць гэта небяспечнай з'явай – і вось чаму.

У старадаўнім каталіцкім храме ў цэнтры Брэста зноў ладзяць серыю канцэртных шоу. Мы распавядалі пра іх раней: праект Euphoria Night у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў позні вячэрні час дае экспрэсіўныя канцэрты, якія збіраюць сотні гледачоў.

Наступныя такія канцэрты абвешчаныя на 11 і 12 верасня. Квіткі па цане 75-80 рублёў зноў раскупілі імгненна. Літаральна праз некалькі хвілін пасля публікацыі спасылкі на сэрвіс куплі квіткоў абвясцілі аб Sold out.

Музыкі выступаюць са светлавымі эфектамі, прытанцоўваюць і знаходзяцца проста ў алтарнай частцы храма, некаторыя – за алтаром. Музыкі выконваюць сусветныя хіты ў аўтарскіх аранжыроўках [глядзіце відэа ніжэй]. Гэта не тыя звыклыя канцэрты класічнай музыкі, якія дапушчальныя ў храмах, што выклікала неразуменне ў многіх вернікаў, якія лічаць небяспечнай з'явай тое, што адбываецца ў Брэсце.

Сабралі меркаванні і звесткі пра гэтыя дзіўныя канцэрты. Найперш адзначым, што на першапачатковую рэакцыю вернікаў так і не паступіла якіх-небудзь тлумачэнняў з боку духавенства. Таму вернікі задаюцца пытаннямі, на якія чакаюць адказаў.

Галоўнае з іх: ці не з'яўляюцца такія камерцыйныя канцэрты поп-музыкі дэсакралізацыяй храма?

У дыскусіях частка вернікаў падтрымлівае ідэю з канцэртамі і цешыцца таму, што дзякуючы ім у храм прыходзяць сотні далёкіх ад хрысціянства людзей, называюць гэта «евангелізацыяй сучасных язычнікаў».

Але іншыя адказваюць на гэта так: людзей прыводзяць не да Бога, а на ўласнае шоў, на канцэртах не гучыць пропаведзь Евангелля, але культывуецца «атмасфернасць», эстэтыка і пачуццёвасць – душэўнасць замест духоўнасці.

Практыка паказвае, што наведвальнікі нават духоўных арганных канцэртаў у касцёлах у большасці так і застаюцца толькі наведвальнікамі канцэртаў: яны не становяцца парафіянамі храмаў.

Больш за тое: у такіх людзей узнікае ўспрыманне храма не як сакральнага месца, дзе здзяйсняецца ахвяра Хрыста, а як нейкай культурнай установы.

Таму наступнае пытанне: ці не выклікае ператварэнне храма ў канцэртную залу гнеў Бога на Пінскую дыяцэзію, якая і так перажывае крызіс – востры недахоп святароў і новых пакліканняў да святарства.

Наведвальнікі канцэртаў адзначаюць, што галоўны саліст праекта Ягор Шаранкоў з'яўляецца каталіцкім вернікам і падчас канцэртаў выступае з кароткімі выказваннямі, якія некаторыя лічаць «пропаведзямі». Але насамрэч гэта не пропаведзь Евангелля, а паўтарэнне філасофскіх ісцін кшталту «калі хочаш змяніць свет, пачні з сябе».

Наколькі вядома вернікам, першапачаткова касцёл прадаставілі для правядзення канцэртаў без падачы з боку ўладаў – музыкі наўпрост дамовіліся з пробашчам пра тое, што ён бясплатна прадаставіць храм для выступаў.

Але затым гэтую ідэю падтрымала кіраўніцтва горада, якое лічыць, што такія канцэрты павінны праводзіцца і далей, паколькі сталі «цікавосткай» Брэста. Такая сітуацыя насцярожвае нават тых вернікаў, якім падабаецца ідэя з канцэртамі ў касцёле.

Як бы ні было, вернікі чакаюць каментароў біскупаў на гэты конт. Адзначым, што ў іншым падобным выпадку – калі музыка з сумнеўнай рэпутацыяй запісваў у вобразе сатаны кліп у старадаўнім касцёле Нясвіжа – ніякай публічнай рэакцыі духавенства так і не паступіла.

Media

Last modified onПятніца, 04 Верасень 2026 13:45
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць