BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У 2015 годзе адзначаецца юбілей гістарычнага герба Гомеля

115 гадоў таму ў Гомелі з'явілася электрычнасць, 210 гадоў таму - Мікалаеўская царква, 15 гадоў таму - сучасны касцёл.

Шэрагам юбілейных дат знамянальны для Гомеля новы 2015 год. У прыватнасці, 455 гадоў таму быў зацверджаны гістарычны герб Гомеля - шчыт, у якім у чырвоным полі размешчаны срэбраны кавалерыйскі крыж. Гомель упершыню атрымаў герб у складзе Рэчы Паспалітай, ён быў зацверджаны польскім каралём Жыгімонтам II Аўгустам 21 сакавіка 1560 года:

«Присылали до нас подданные нашы мещане места Гомейского, оповедаючы, што ж они печати месткое, которое бы справы местьские печатовали мели, в себе не мають и для того великое заструдненье в тых справах и потребах местских им частокрот деется… Ино мы з ласки нашое господарское… печать местьскую з гербом крыжа им дали и мети дозволили и сим листом нашым дозволяем. Мають вжо они от того часу тое печати и гербу помененого во всих справах и потребах, оному месту належачих, вживати и им печатоватися по тому, яко и у ыншых местах нашых Великого князства Литовского обычай того заховывается» (Привилей мещаный гомейский на печать местьскую).

Цяпер старадаўні герб Гомеля выкарыстоўваюць мясцовыя скаўты, а сучасны герб уяўляе сабой французскі шчыт, у якім у блакітным полі намаляваная рысь, якая ляжыць. Ён быў зацверджаны 16 ліпеня 1997 года рашэннем Гомельскага гарвыканкама. За аснову сучаснага герба Гомеля узяты гарадскі герб, зацверджаны ў 1855 годзе, калі Гомель ужо быў у складзе Расійскай імперыі.

Акрамя таго, 210 гадоў таму, у 1805 годзе, у Гомелі была пабудавана Мікалаеўская царква - помнік архітэктуры класіцызму. А 115 гадоў таму, у 1900 годзе, упершыню ў Гомелі выкарыстана электраэнергія - для асвятлення палаца і парку князя Паскевіча.

Таксама 15 гадоў таму, у юбілейным 2000 годзе, на вуліцы Савецкай у Гомелі была пабудавана і асвечана новая рыма-каталіцкая царква Нараджэння Божай Маці. Старадаўні гомельскі касцёл Успення Багародзіцы, які быў пабудаваны ў XIX стагоддзі і размяшчаўся ў Гомелі на месцы цяперашняй плошчы Леніна (тады - Базарнай), прыкладна ў тым месцы, дзе цяпер стаяць драмтэатр і будынак Белтэлекама, у 1940-м годзе ўзарвала савецкая ўлада - 75 гадоў таму.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць