BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Студэнты-католікі з Расіі і Іспаніі зладзілі працоўны лагер у Беларусі

Хлопцы з Opus Dei дапамагалі парафіі ў Петрыкаве і добра бавілі час.

Група маладых католікаў з Расіі, у тым ліку іспанскі святар і студэнт з Іспаніі, якія жывуць у Маскве, прыехалі ў Беларусь, каб правесці тут працоўны лагер. Госці прытрымліваюцца духоўнасці Opus Dei, персанальнай прэлатуры Касцёла, якая вучыць святасці ў штодзённасці, на працы. Хлопцы захацелі прымяніць на практыцы тое, пра што гаворыць святы Хасэмарыя Эскрыва, заснавальнік Opus Dei: студэнты вырашылі дапамагчы якой-небудзь парафіі ў гаспадарчых справах.

Прыняць валанцёраў пагадзіліся ў беларускім Петрыкаве, куды яны прыехалі за свае ўласныя грошы. Парафія Звеставання Панны Марыі ў гэтым палескім мястэчку Пінскай дыяцэзіі зусім невялікая, а працы сабралася шмат: трэба пачысціць ад іржы і пафарбаваць плот. А яшчэ - вызваліць ад смецця дом у суседняй вёсцы, дзе таксама ёсць парафія, якую абслугоўвае петрыкаўскі пробашч. У сельскай святыні няма ацяплення, і ўзімку ў ім вельмі холадна, таму ў святара ёсць ідэя у самыя сцюдзёныя дні служыць Імшу ў доме, у якім можна прапаліць печ.

Сабраў групу студэнтаў з Масквы і Санкт-Пецярбурга выпускнік Расійскага універсітэта дружбы народаў, вернік касцёла Святога Яна Хрысціцеля ў Пушкіне Якаў Дружкоў. Ён распавёў, што працоўны лагер хлопцы праводзяць ўпершыню, а натхнілі іх на гэта іспанскія католікі. Кожны год у Пушкін прыязджае вялікая група студэнтаў і школьнікаў з Іспаніі, каб дапамагаць у рамонце мясцовай парафіі. Госці нясуць з сабой вялікую радасць, і расіяне падумалі, што ім неабходна зладзіць нешта падобнае і таксама выехаць у іншую парафію на дапамогу.

- Сэнс гэтага працоўнага лагера ў тым, каб не гультаяваць дома ўлетку, а чымсьці дапамагчы людзям, і пры гэтым таксама весела правесці час разам, займаючыся чымсьці карысным, - кажа арганізатар.

Хлопцаў суправаджаў айцец Карлас Іса, які дзесяць гадоў таму прыехаў у Расію з Мадрыда, каб працаваць у цэнтры Opus Dei ў Маскве, а ў мінулым годзе стаў святаром. Па словах айца Карласа, хлопцы вырашылі арганізаваць працоўны лагер, каб лепш зразумець, што адпачываць - гэта значыць мяняць занятак, але не гультаяваць. А ў Беларусь яны прыбылі, каб павучыцца ўсяму добраму, што ёсць у гэтай краіне. Святар не толькі працуе разам з хлопцамі:

- Водпуску ў духоўным жыцці быць не можа, бо д'ябал ніколі не адпачывае. Хлопцы маюць патрэбу ў маёй дапамозе, просяць аб тым, каб спавядацца і кожны дзень удзельнічаць у Імшы. Калі мы гаворым пра духоўнасць Opus Dei, разумеем, што нічога новага мы не прыдумляем: усё напісана ў Евангеллі. Калі святы Хасэмарыя ствараў Opus Dei, многія людзі думалі, што да святасці закліканыя толькі тыя, хто цалкам прысвячае сябе Богу ў кансэкраваным жыцці, гэта значыць, сыходзіць ад свету. Але на самой справе Хрыстус усіх людзей заклікае да святасці. Большасць знаходзіцца ў свеце, маюць працу і сям'ю, таму павінны знайсці Бога ў сваёй штодзённасці, то бок на працы, калі адпачываюць або праводзяць час з сям'ёй, з сябрамі. Гэта сутнасць духоўнасці Opus Dei - нагадваць змест Евангелля, якое кажа, што Бог усіх заклікае да святасці і ніколі не адрывае ад таго месца, дзе людзі праводзяць свае паўсядзённае жыццё, - падкрэслівае святар.

У час рабочага лагера толькі вечарамі хлопцы адпачывалі, купаліся ў Прыпяці, наведалі музей і самыя прыгожыя тутэйшыя мясціны, а ўдзень маліліся і працавалі, каб рухацца да святасці. Заснавальнік Opus Dei, якога называюць святым штодзённасці, вучыў, што «калі хрысціянін робіць з любоўю самую нікчэмную справу, яна напаўняецца славай Божай». Святы Хасэмарыя заклікаў асвячаць будзённае жыццё і «тварыць высокую паэзію з жыццёвай прозы». Таму хлопцы імкнуцца ісці шляхам да святасці праз выкананне прафесійнага і паўсядзённых хрысціянскіх абавязкаў.

Пробашч парафіі ў Петрыкаве кс. Яцэк Баровец адзначае, што прыезд валанцёраў стаў для яго вялікай радасцю, да таго ж большасць тутэйшых вернікаў - ужо немаладыя людзі, і часта бывае цяжка справіцца з усімі гаспадарчымі справамі.

- Касцёлу 20 гадоў, трэба ўвесь час нешта рабіць, працягваць рамонт. Да таго, каб пафарбаваць плот вакол святыні, мы падыходзілі некалькі разоў, але сілаў не хапала. Прыезд гасцей цудоўны і тым, што хлопцы робяць добрую справу. Часам пытаюся ў маладых людзей, што добрага яны зрабілі сёння або на мінулым тыдні, і часта яны не ведаюць, што адказаць. А гэта вельмі важнае пытанне - ці робім мы дабро ў сваім жыцці. І дзіўлюся, што ёсць такія маладыя людзі, якія хочуць рабіць дабро. Гэта з'яўляецца сведчаннем для нас усіх, - упэўнены кс. Яцэк.

Хай расійскія госці і не паспелі зрабіць усю неабходную для парафіі працу, але галоўнае, што пачатак пакладзены, і хлопцы маюць намер вярнуцца ў Петрыкаў наступным летам. Адметна, што па прыкладзе гасцей да працы падключыўся і мясцовы хлопец, які наведвае парафію ў Петрыкаве. І так агеньчык з Іспаніі, які прывезлі расійскія хлопцы, дайшоў да глыбінкі Беларусі.

Last modified onПятніца, 14 Ліпень 2017 11:49
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць