BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Стаць святаром у 70». Упершыню ў Беларусі пенсіянер паступіў у семінарыю

Гамяльчук Мікалай працаваў канструктарам і быў няверуючым, але раптам Бог увайшоў у ягонае жыццё.

Такога ў Беларусі яшчэ не было: у 66 гадоў парафіянін гомельскай парафіі паступіў у семінарыю. Зараз Мікалаю Ермакову 69 гадоў, у яго за плячыма ўжо тры гады навучання ў семінарыі. Сёлета ён рыхтуецца стаць дыяканам, а ў наступным годзе, калі Мікалаю стукне 70, прыняць святарскае пасвячэнне.

Як распавёў гомельскі католік Беларускай рэдакцыі Vatican News, ён выхоўваўся ў звычайнай савецкай сям'і, бацькі былі няверуючымі, але ў 1949 годзе Мікалая ахрысцілі ў праваслаўным прыходзе.

- Пра семінарыю нават не марыў, каб раней мне хто сказаў, што пайду вучыцца ў семінарыю - я б не паверыў. Бо ні ў сям'і, ні ў звычайнай савецкай школе такіх размоваў не было - класных кіраўнікоў накіроўвалі да царквы на святы каб «адлоўлівалі» дзяцей, - гаворыць семінарыст.

Так Мікалай, які працаваў інжэнерам-канструктарам, і пражыў да сівых валасоў няверуючым. Але потым нечакана сустрэўся з уваскрослым Езусам. У 90-х гадах, калі гамяльчук ехаў на цягніку праз Маскву, на Беларускім вакзале сустрэў прапаведнікаў-пратэстантаў. Яны прапанавалі Мікалаю разам памаліцца аб тым, каб Бог увайшоў у ягонае жыццё. Той згадзіўся і паехаў далей, а пасля забыўся пра гэты выпадак.

Але праз колькі гадоў Мікалай патрапіў у гомельскі касцёл. Яго знаёмая, спявачка Вольга Цярэшчанка, якая на той час ужо была парафіянкай, запрасіла сябра паслухаць катэхезы Нэакатэхуменальнага шляху. Пасля гэтага Мікалай і застаўся ў Касцёле, на той час яму было каля 50 гадоў.

- Заўжды да царквы людзі прыходзяць у часе пакут. У мяне таксама была вялікая пакута, бо я па сваёй уласнай волі згубіў сваю сям'ю, застаўся адзін, так і жыў у самоце і вельмі пакутаваў праз гэта, - прызнаецца клерык.

Дарэчы, у 90-х Мікалай займаўся палітыкай, але пасля таго, як пачаў паглыбляцца ў веру, убачыў, што Пан заклікае да больш важнага і неабходнага чым палітыка. Чалавек патрабуе збаўлення, і не заўжды з дапамогай палітыкі можна ўратаваць чалавека. А з дапамогай Бога - заўжды. Гэта больш глыбокае і патрэбнае людзям, чым палітыка, зразумеў Мікалай.

Пасля 20 гадоў прабывання ў Нэакатэхуменаце, у тым ліку служэння вандроўным катэхістам у Латвіі, гомельскі вернік адчуў моцнае пакліканне да святарства, бо за гэты час бачыў шмат людзей, якія пакутуюць, якім патрэбна дапамога, слова Божае.

Мікалай паступіў у бліжэйшую да Гомеля нэакатэхуменальную семінарыю Redemptoris Mater у Кіеве. Святой памяці біскуп Пётр Марчук сказаў «Калі яго Пан кліча - то хай вучыцца, а там убачым, што будзе».

Цяпер у семінарыі гамяльчук самы старэйшы - нават за рэктара, яго намесніка і свайго духоўнага кіраўніка. Жыве амаль у спартанскіх умовах. Няма мабільнага тэлефона, уласных грошаў, амаль ніякага вольнага часу, кампутарам можна карыстацца толькі дзве гадзіны на дзень, каб мець магчымасць напісаць сваім сябрам, родным, і прачытаць іх лісты. А таксама - поўнае падпарадкаванне рэктару, паездкі на практыку у тыя месцы, у якія ён пасылае, а не туды, куды хочаш.

Але ніякія выпрабаванні Мікалая не пужаюць. Ён упэўнены, што самая галоўная задача святара - дапамагаць людзям знайсці Бога, каб ён абапіраўся на Яго ў сваім жыцці. І дзеля гэтай місіі клерык хоча вучыцца і ў будучым служыць святаром.

Last modified onПанядзелак, 27 Жнівень 2018 21:51
Каментары   
+1 #1 P.S. 2018-08-26 00:40
Падрабязна гісторыю Мікалая можна чытаць тут: svaboda.org/.../29449906.html
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць