Урачыстую працэсію Божага Цела правядуць католікі ў Гомелі
- Written by Katolik.life
- Published in Навіны - Гомель
- Add new comment
Дзеці будуць высцілаць пялёсткамі дарогу для Езуса Хрыста
23 чэрвеня ў Гомелі каталіцкія вернікі правядуць традыцыйную працэсію Божага Цела. Урачыстасць Цела і Крыві Хрыстовых прыходзіцца на чацвер, 20 чэрвеня, а працэсія пераносіцца на нядзелю, каб больш вернікаў змаглі прыняць у ёй удзел і даць сведчанне веры.
Свята пачнецца ў 10.00 святой Імшой, затым парафіяне пройдуць урачыстай працэсіяй па вуліцы Савецкай ад касцёла да Дома міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы, каб дабраславіць горад, памаліцца за дамы і працоўныя месцы, за тое, каб Гасподзь бярог ад голаду і вайны, каб нагадаць пра ахвяру Хрыста і засведчыць аб сваёй веры. Штогод у працэсіі Божага Цела ў Гомелі ўдзельнічаюць 200-300 вернікаў.
- Езус асвячае нашы дамы, месцы працы і заклікае: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя», - кажа біскуп Казімір Велікаселец.
Наперадзе працэсіі будуць ісці дзеці ў белым адзенні і высцілаць дарогу пялёсткамі кветак для Езуса Хрыста. Яго Цела пад выглядам хлеба будзе несці святар у манстрацыі - адмысловым прыстасаванні для выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту. Па дарозе працэсія будзе спяваць і рабіць прыпынкі ля чатырох алтароў для пакланення Целу Хрыста, для малітвы і чытання Евангелля.
У гэты дзень у касцёле адбудзецца толькі адна святая Імша да абеду, таксама будзе служба ў 17.00.
У многіх гарадах, у тым ліку ў Мінску, працэсіі Божага Цела ўжо прайшлі ў пачатку чэрвеня. А ў Гродне, дзе працэсіі найбольш масавыя, урачыстасць адбудзецца ўвечары ў чацвер, 20 чэрвеня.
Related items
-
Ніхто не прыйшоў на Імшу ў катэдры Магілёва. Святар выказаў свае пачуцці, а вернікі далі яму парады
-
Як трэба калядаваць, паказалі ў Гродзенскай вобласці: там правялі абрад «Тры каралі»
-
Навагодні фільм падрыхтавала «Радыё Марыя». Тое, якім ён атрымаўся, «сведчыць пра ўсіх нас»
-
Не ўсім католікам Беларусі дазволілі не трымацца посту 2 студзеня. Хто не вызвалены ад абавязку?
-
«Дакладна ведаю, што яна пойдзе на Неба». Пробашч напісаў пра памерлую парафіянку так, як ніхто не пісаў