Свята ў Дзіцячай вёсцы: новая гульнявая пляцоўка, Літургія, канцэрт [ФОТА]
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Карытас - Гомель
- Add new comment
Свята завяршылася вялікім салодкім сталом і ўручэннем падарункаў.
Традыцыйны Дзень Анёла-Ахоўніка адзначылі ў гомельскай Дзіцячай вёсцы (Гомельскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця). У інтэрнаце адбылася праваслаўная Літургія, якую правёў іерэй Свята-Траецкага храма айцец Мікалай Кадацкі, пасля чаго дзеці выступілі з канцэртам, а каталіцкія сёстры бенедыктынкі, якія апякуюць дзяцей, разам з персаналам падрыхтавалі салодкі стол.
Характэрна, што да свята ў Дзіцячай вёсцы з'явілася вулічная гульнявая пляцоўка, на якую збірала ахвяраванні Дабрачынная каталіцкая місія «Карытас-Міласэрнасць». Дырэктар арганізацыі Валянціна Казлова і ўвесь персанал дзякуюць тых, хто ахвяраваў грошы для дзяцей-інвалідаў, бо яны развіваюцца, і вулічная гульнявая пляцоўка была вельмі неабходная. ТАА «100 гульняў» прадаставіла пляцоўку са зніжкай і бясплатна ўсталявала яе. Падчас свята айцец Мікалай асвяціў гульнявую пляцоўку.
Тры гады таму праваслаўныя і каталікі пачалі сумеснае служэнне ў Дзіцячай вёсцы, пабудаванай каталіцкай дабрачыннай місіяй «Карытас - Міласэрнасць».
Нагадаем, унікальная для Беларусі дзіцячая вёска была ўрачыста адкрыта 12 кастрычніка 2011 года. Хоспіс пабудаваны на грошы замежных дабрачынных арганізацый і вернікаў-каталікоў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў.
Вёска разлічана на пражыванне ў ёй 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. У такім асяроддзі, а таксама дзякуючы пастаянным дыдактычным і рэабілітацыйным заняткам, магчыма максімальна поўнае развіццё асобы. Пяць асобных груп-сем'яў уключаюць па 15 чалавек. Звяном, якое злучае такую групу-сям'ю, з'яўляецца сястра-законніца Ордэна бенедыктынак-Самарыцянак Крыжа Хрыстова, яна разам з дапаможным персаналам клапоціцца аб належным клімаце выхавання і апекуе жыццё дзяцей. Дзейнасць хоспіса арганізавана пры падтрымцы абласнога камітэта па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва.