BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У Гомелі пачалі будаўніцтва ўнікальнага цэнтра для інвалідаў [фота]

Штогод тут змогуць атрымліваць усебаковую дапамогу каля 700 чалавек.

Распачалася актыўная фаза будаўніцтва другой чаргі Дзіцячай вёскі ў Гомелі. Дабрачынная каталіцкая місія «Карытас-Міласэрнасць» з'яўляецца заказчыкам унікальнага для Беларусі праекту. У вёсцы-інтэрнаце з'явіцца вялікі двухпавярховы будынак Інтэгратыўнага тэрапеўтычна-адукацыйнага цэнтра. Тут размесцяцца ўсе неабходныя спецыялісты, абсталяванне для працы з дзецьмі-інвалідамі і маладымі інвалідамі з усяго горада і вобласці.

У адным месцы будуць сабраны ўсе спецыялісты, і дзеці, і маладыя інваліды, а таксама іх бацькі, якія таксама будуць атрымліваць адукацыйную дапамогу - як клапаціцца пра такіх дзяцей у сваіх дамах, сем'ях. Гэтым новы цэнтр будзе адметны, распавядае Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё дырэктар «Карытас-Міласэрнасць» кс. Юры Варанко.

«Безумоўна, у краіне існуюць разнастайныя формы працы з інвалідамі, але так, каб у адным месцы, адразу і на такім узроўні - гэта будзе штосьці новае для Беларусі. Будаўніцтва ўжо актыўна вядзецца, і дзякуй Богу за гэта! Спадзяемся, што такімі ж тэмпамі ўсё будзе ісці далей, і мы скончым у той час, які запланавалі».

Новы цэнтр павінен быць пабудаваны да 2021 году. Фінансаванне цяпер вядзецца, дзякуючы розным замежным каталіцкім фондам, аднак у Гомелі надалей шукаюць тых, хто мог бы падтрымаць гэты важны сацыяльны праект.

Кс. Юрый цешыцца тым, што шмат прыватных асобаў з Беларусі даведаліся пра акцыю па збору сродкаў, якая вядзецца і цяпер, і пералічваюць ахвяраванні:

«Гэта зусім невялікі працэнт ад патрэбнай сумы, але гледзячы на тое, як людзі адрываюць ад сябе апошнія сродкі, разумею, што гэта не так мала, як магло б быць. Колькасць ахвяраванняў з Беларусі нават пераўзыйшла мае чаканні. Спадзяюся, што будуць і больш сур'ёзныя ахвяраванні ад нашых установаў, прадпрыемстваў».

Чакаецца, што ў новым цэнтры штогод змогуць атрымліваць усебаковую дапамогу каля 700 чалавек. Рэалізацыя гэтага праекту з'яўляецца працягам развіцця новай мадэлі, робіць унёсак у сацыяльную інтэграцыю і інклюзію дзяцей, маладых і дарослых з множнымі абмежаваннямі ў Гомелі і Гомельскай вобласці.

Праект накіраваны перш за ўсё на паляпшэнне якасці жыцця, умоваў развіцця і адукацыі, а таксама атрымання якаснай рэабілітацыі і кансультавання, як дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з «Дзіцячай вёскі», так і людзей з інваліднасцю, якія пражываюць у сем'ях. Такі падыход у будучыні можа паўплываць на тое, што ў дамах-інтэрнатах будзе менш пражываць інвалідаў.

Важна тое, што бацькі і сваякі людзей з інваліднасцю змогуць знайсці тут падтрымку, дапамогу ў даглядзе і абслугоўванні, а таксама неабходную кансультацыю.

Інтэгратыўны цэнтр будзе спрыяць паляпшэнню эканамічнага становішча сем'яў, у якіх жывуць людзі з інваліднасцю дзякуючы таму, што бацькі змогуць больш часу надаваць сваёй працы.

У цэнтры будуць пастаянна працаваць група ранняга развіцця, школа, майстэрні, будзе весціся праца з бацькамі і тэрапія.

Нагадаем, «Дзіцячая вёска» з'явілася ў Навабеліцкім раёне Гомеля ў 2011 годзе. Увесь комплекс пабудавала і абсталявала ўсім неабходным Дабрачынная каталіцкая Місія «Карытас-Міласэрнасць» на грошы замежных дабрачынных арганізацый і прыватных ахвярадаўцаў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў. Потым на гэтай базе ў цесным супрацоўніцтве з абласным камітэтам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва быў створаны «Гомельскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця», фінансаванне якога дзяржава ўзяла на сябе.

Last modified onСерада, 11 Ліпень 2018 23:21
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць