«Яна мела імя Міхаліна». Як паміраюць святыя
- Written by София СЕМИСОТОВА
- Published in Хрысціянскае меркаванне
- Add new comment
У апошні час, нават у адпусты, святыня не збірала столькі людзей...
Учора мы развіталіся з маёй любай мамачкай… 28 студзеня ёй было б 90 гадоў… Споўніліся абяцанні Пана Езуса, у якія моцна верыла, бо праз усё жыццё абыходзіла першыя пятніцы месяца. 17 студзеня яна прыняла Св. Камунію і апошняе намашчэнне. 20 студзеня ў нядзелю памерла. Мела пяцёра дзяцей, 12 унукаў, 18 праўнукаў. Усіх выхавала ў веры, за што мы ёй вельмі ўдзячныя. Яна ведала, што дзеці шчаслівыя толькі тады, калі яны жывуць з Богам.
Якім прыгожым было пахаванне! Ляцелі і ляцелі ўсе нібы птушкі ў родную хату з розных мясцін. І сярод смутку, што развітваемся з матуляй – на тварах радасць з нагоды сустрэчы! Нягледзячы на тое, што ўжо ў дзяцей маршчыны на твары і сівыя скроні, мы нібы вярнуліся ў дзяцінства. Мы забыліся пра ўсе крыўды, калі яны і былі ў каго. З’ехаліся нават тыя, на каго не было ніякай надзеі. І ўсё таму, што мамачка ўсіх не пераставала любіць! Калі нават гэтай любові не было ў адказ…
І кожны са слязьмі на вачах дзяліўся сваімі ўспамінамі з таго далёкага дзяцінства… А колькі ўсяго цудоўнага распавялі тыя, хто жыў побач! Яе суседзі, аднавяскоўцы, парафіяне...
І за гэта яе Бог узнагародзіў яшчэ пры жыцці: яна мела імя Міхаліна, і насупраць яе хаты пабудавалі касцёл Св. Міхала. Пакуль не было касцёла, у яе хаце праходзіла катэхеза для дзяцей, збіралася 20-30 чалавек. А як яна клапацілася падчас будоўлі касцёла! Ахвяравала ўсё, што магла. У яе быў ключ ад касцёла, яна клапацілася аб чысціні літургічных шатаў і абрусаў. У зімовы час прыносіла з дому віно і ваду.
І вось прыйшоў час развітання… Гэта была ўрачыстасць! У апошні час, нават у час адпустаў, гэтая святыня не збірала столькі людзей. Зышліся ўсе, хто мог, розных узростаў і веравызнанняў, хто з кіёчкам, а хто нават з двума, нягледзячы на халоднае надвор’е. Але калі вырушылі да касцёла, то зазіхацела такое цёплае сонейка, і яно схавалася толькі пасля пахавання.
Вось гэта прыклад усім нам, як трэба пражыць жыццё, каб пакінуць пасля сябе добрыя ўспаміны, надзею на вечнае жыццё і малітоўную падтрымку ад дзяцей, унукаў, парафіянаў і знаёмых. І хоць перажываем час смутку, што яе ўжо не будзе побач, але на душы радасць і супакой за яе. Калі хто можа – далучыцеся да нашай малітвы! Вечны супакой даруй ёй, Пане!
Related items
- Загадкі Каралевы Беларусі: уратавала ад маскоўскай акупацыі, знікла і зноў аб'явілася
- Мілыя фота з жывёламі ў Баранавічах выклалі манаскія асобы
- Пасля сутак на мяжы кіроўцу не ўпусцілі ў Беларусь з Польшчы. Прычына небанальная
- Адпраўка ў войска ў Беларусі адбываецца з удзелам святароў
- Пацалунак пад абразом і цягнік з адным вагонам – чым дзеліцца парафія ў глыбінцы