BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Паміж Instagram і TikTok – 7 хвілін цішыні. Крыху пра асабістае

Вырашыў рэалістычна падысці да пастановаў на Вялікі пост і зрабіў эксперымент – вось які і што з гэтага выйшла.

Пачаць з мінімуму, зрабіць адзін маленькі крок, адно невялікае намаганне. Быць рэалістам і не планаваць вялікіх гераічных бітваў, каб не адчайвацца ад няўдач і не аддаляцца ад Крыніцы святла і супакою яшчэ больш – з такой пастановай пачаў гэты Вялікі пост.

Адысці ад мітусні, клопатаў, выйсці ў «пустыню», знайсці час для цішыні, каб пачуць голас Бога – да такіх дзеянняў падчас Вялікага посту заклікаюць нас святары. Відавочна, што ў наш час галоўнай крыніцай шуму і мітусні з'яўляюцца сацыяльныя сеткі. Разумеючы гэта, многія імкнуцца адмовіцца ад прагляду сацсетак падчас посту або істотна абмежаваць час, які праводзім са смартфонам.

Мяркую, сярод вернікаў сапраўды шмат моцных духам людзей, якія могуць выканаць такую пастанову. А што рабіць іншым, больш слабым, якія разумеюць, што настолькі прывязаныя да гаджэтаў, што добраахвотная адмова ад іх проста нерэальная?

Паспрабаваў пачаць з мінімуму і пастанавіў: хаця б 7 хвілін цішыні ў дзень. Пакуль не замест сацсетак, а толькі маленькі перапынак ад іх. Не, гэта не час для таго, каб прачытаць дзясятак Ружанца ці нейкую іншую форму малітвы – але менавіта цішыні. Вядома, у гэты час можна ў «вольнай форме» пагаварыць з Богам ці пра нешта падумаць, але можна і проста памаўчаць, гледзячы ў акно на неба.

Хай гэта будзе нейкім падабенствам «адарацыі на мінімалках», калі не можаш узяць сябе ў рукі і дайсці да храма. Такі эксперымент ужо пачаў. Вынікі першых дзён сталі нечаканымі. Зараз распавяду пра іх, але яшчэ адзначу, што на такое рашэнне натхніла разважанне айца Марэка Яшчкоўскага, які пісаў:

«Чаму, калі Езус быў спакушаны кожны дзень, мы чуем пра гэта менавіта падчас посту ў пустыні? Магчыма, гэтае слова паказвае, што пустыня дапамагае нам убачыць, усвядоміць спакусу, што потым дапамагае змагацца і перамагчы спакусу. Калі застаемся ў цішыні (не толькі знешняй), вельмі часта ўсплываюць розныя думкі, успаміны, таксама і згрызоты сумлення. Таму так шмат людзей уцякае ад нават кароткіх момантаў цішыні».

Святар заўважыў, што нам неабходна менавіта «выходзіць у пустыню», каб усвядоміць грэх, выявіць хітры план сатаны, каб раскаяцца ў грахах і пачаць барацьбу з грахом і спакусай:

«Калі будзе ў нашым жыцці час пустыні – час спакойнай малітвы, час Імшы, адарацыі, рэкалекцыі, час разважання над Божым Словам, час малітвы і посту, тады менш будзе граху. Мы людзі дзелавыя, пастаянна занятыя, якія нічога не паспяваюць... Калі там яшчэ час пустыні? Калі не будзе пустыні, будзем заблытвацца ў гэтых справах, здзяйсняць шмат памылак, шмат грахоў.

Маці Тэрэза з Калькуты, якая так шмат дапамагала бедным, пачынала кожны дзень з добрай малітвы, у тым ліку з гадзіны адарацыі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Калісьці яна падчас сустрэчы са святарамі, раіла ім – кожны дзень гадзіна адарацыі. Адзін святар, які слухаў яе, устаў і задаў ёй пытанне – Як знайсці час на гадзіну адарацыі штодня? І распавёў пра свой план дня, колькі ў яго спраў, працы. Сапраўды, дзень загружаны з раніцы да ночы.

Маці Тэрэза задумалася і сказала – Так, калі ў вас столькі спраў, то тады сапраўды не павінна быць гадзіны адарацыі... У вас павінна быць дзве гадзіны адарацыі».

То бок, сапраўды, «чым больш у нас спраў, тым больш павінна быць пустыні, малітвы на працягу дня», працягвае айцец Марэк:

«Мы адчуваем, як нам цяжка знайсці такі час малітвы, пустыні, як нас нешта, ці хтосьці ад такой пустыні, малітвы, адцягвае. Мы ведаем хто – гэта ўжо першая спакуса злога духа».

Дык вось пра эксперымент з 7 хвілінамі. Адарвацца і падысці да акна на гэты час было складана. Быў сур'ёзны супраціў: бо яшчэ трэба зрабіць тое і тое, паглядзець там і там... Тым не менш, атрымалася. І ведаеце што? Гэтыя 7 хвілін незаўважна расцягнуліся на паўгадзіны. Атрымалася паўгадзіны спакою і адчування блізкасці з Богам.

Гэта пацвярджае ісціну, што нам неабходна зрабіць толькі адзін маленькі крок у бок Бога, а ўсё астатняе зробіць ён сам. І, дарэчы, за гэтыя паўгадзіны ні ў Instagram, ні ў TikTok нічога цікавага не адбылося, а гартаць Reels у пошуках быццам чагосьці важнага жадання стала менш.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць