BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Самы папулярны хрысціянскі курс? У беларускім Касцёле пашырае ўплыў «Альфа»

Чаму гэты рух насцярожвае «традыцыйных католікаў»?

Рух «Альфа-курс» актыўна развіваецца ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі, заявіў адзін з яго ўдзельнікаў, ксёндз Юрый Жэгарын, пробашч у Навагрудку. Ён жа назваў гэты рух «адной з найбольш дзейсных формаў новай евангелізацыі» і падзякаваў біскупу Гродзенскаму за тое, што ён яе «актыўна падтрымлівае».

Аднак не ўсе вернікі, прычым, не толькі «кансерватыўныя католікі» ўхваляюць такую «форму новай евангелізацыі» ў Касцёле. Раней некаторыя беларускія біскупы не падтрымлівалі дзейнасць «Альфы».

Ці змянілася іх меркаванне цяпер, невядома, але рух дзейнічае ўжо ва ўсіх чатырох дыяцэзіях у Беларусі. Служыцелі «Альфа-курсу» сталі прыязджаць нават у маленькія аддаленыя парафіі – у прыватнасці, у Нароўлю.

Што вядома пра гэты рух і чаму ён насцярожвае «традыцыйных католікаў»?

Суполкі «Альфа-курсу» ёсць ужо ў Мінску, Віцебску, Гродне, Навагрудку, Крупках, Оршы, Глыбокім, Нароўлі і Парэччы. То бок, гэты рух ахапіў ужо значна больш парафій, чым «Нэакатэхуменальны шлях» — іншая «форма новай евангелізацыі».

Але калі Нэакатэхуменат, які таксама многія крытыкуюць і не прымаюць, з'яўляецца рухам унутры Каталіцкай царквы і адсылае да першых стагоддзяў супольнага жыцця хрысціян, то «Альфа-курс» паўстаў у пратэстантызме. Укараняць яго спрабавалі не толькі ў Каталіцкай, але і ў Праваслаўнай царкве.

У сустрэчах «Альфы» многія бачаць падабенства з пратэстанцкімі служэннямі, праявы, нехарактэрныя для Каталіцкай царквы: узнесеныя ўгору рукі пры малітве, эмацыйнасць, воплескі і падтанцоўкі.

«Былі моманты, калі слёзы цяклі самі сабой. Былі абдымкі, якія казалі больш, чым словы. Была прысутнасць, якую немагчыма апісаць – толькі перажыць»,

– так апісваюць удзельнікі апошні «Уікэнд Духа Святога» ў Навагрудку.

Некаторыя відэа атрымліваюць у сацсетках крытычныя заўвагі вернікаў, напрыклад:

«Раней проста спявалі, а цяпер з прытанцоўкай. Можа я не маю рацыі, але ніколі так не пляскаю і не рухаюся ў такт музыкі [у храме]».

Дарэчы, на відэасправаздачы пра свае сустрэчы служыцелі «Альфы» ў Каталіцкай царкве нярэдка накладваюць пратэстанцкія песні.

Насцярожваюць і некаторыя выразы ў адрас руху: «самы папулярны хрысціянскі курс», «адзін з самых дзейсных», «самы лепшы спосаб расказаць пра Бога іншым людзям», «месца, дзе Бог дзейнічае асаблівым чынам», «Альфа-сям'я».

Падкрэслім, што мы не бярэмся судзіць пра тое, добра гэта, ці кепска – дзейнасць «Альфа-курсу» ў Каталіцкай царкве. Гэта не наша місія. Мы толькі канстатуем папулярызацыю гэтага руху і тлумачым, чаму не ўсе яго прымаюць.

Сустрэчы «Альфа-курсу» ладзяцца раз на тыдзень. Занятак пачынаецца сумесным чаяваннем, затым – лекцыя, якую чытаюць свецкія служыцелі, абмеркаванне тэмы, пытанні ад слухачоў і абмен думкамі. Таксама праводзіцца «Альфа-ўікэнд» – «асаблівыя выходныя для кожнага ўдзельніка курса».

«Альфа-курс» накіраваны на людзей, «якія не ходзяць у царкву і хацелі б далучыцца да хрысціянскай веры», а таксама «для хрысціян, якія хочуць асвяжыць асновы сваёй веры», тых, хто хоча «не проста даведацца пра Госпада, а спазнаць Яго Самога».

Media

Last modified onАўторак, 25 Лістапад 2025 17:27
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць