BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Бэтлеемскі агонь даставілі ў больш за 20 гарадоў Беларусі [фота]

Сімвал Раства прывезлі ў краіну каталіцкія скаўты.

Увечары 15 снежня ў Беларусь прыбыў агонь з Бэтлеема - месца зямнога нараджэння Ісуса Хрыста. Сімвал Раства сустракалі ў Гродне, куды святло свету перадалі з Польшчы. Увечары ў суботу, 17 снежня, за тыдзень да Божага Нараджэння, якое католікі адзначаць 25 снежня, Бэтлеемскі агонь ўрачыста сустракалі ў Мінску - у галоўным касцёле Беларусі. А ў нядзелю - у іншых храмах сталіцы і яшчэ ў больш за 20 гарадах краіны. Пасля чаго вернікі змаглі запаліць свае лампадкі і аднесці сімвал Раства ва ўласныя дамы.

Агонь з Бэтлеему па ўсёй Еўропе, у тым ліку і па Беларусі, развозяць каталіцкія скаўты. Як і ў мінулыя гады, самую вялікую працу па дастаўцы Бэтлеемскага агню ўзялі на сябе гомельскія скаўты. Яны запалілі лампады ў Мінску і двума групамі развезлі агонь з Бэтлеема па некалькіх гарадах. Адна група вярталася ў Гомель, робячы круг па ўсходняй Беларусі праз Магілёў, а іншая - па паўднёва-заходняй частцы краіны праз Нясвіж, Баранавічы, Пінск і іншыя гарады.

Скаўтам важна было прасачыць, каб полымя ў дарозе не згасла і каб не давялося зноў вяртацца за ім у Мінск! Пасля свята ў многіх гарадах католікі перададуць агонь праваслаўным братам, якія адзначаюць Раство 7 студзеня.

Святло бэтлеемскага агню, які сімвалізуе супакой, надзею і згоду, дзякуючы адзінству моладзі розных краін пераадольвае значныя адлегласці і прыходзіць да тых, хто яго чакае. Таму варта ўзяць гэты агонь дадому, яшчэ раз нагадаць сабе і сваім блізкім аб надыходзячым Растве.

- Гэты агонь з Бэтлеему сімвалізуе, што ўсе мы з'яўляемся містычным целам Ісуса Хрыста. Гэта полымя вельмі далікатнае, яго можа пагасіць нават лёгкі вецер, і гэта таксама сімвал агню нашай веры. Каб ён гарэў у нашых сэрцах, неабходна пастаянная наяўнасць «масла» - Духа Святога, - гаворыць пробашч гомельскай парафіі айцец Славамір.

Бэтлеемскі агонь скаўты прывозяць у Беларусь з 1998 года (гл. фота). Святыня пачынае сваё падарожжа з Вены, куды яе дастаўляюць самалётам з Бэтлеема, потым агонь перадаюць у Чэхію, Польшчу і вязуць да беларускай мяжы, дзе ўрачыста ўручаюць мясцовым скаўтам.

Як гавораць святары, не варта ставіцца да Бэтлеемскага агню як да містычнай з'явы. Гэтая святыня мае глыбокі духоўны сэнс, для хрысціяніна гэта сімвал гарачага сэрца, гарачай любові і веры, якімі неабходна дзяліцца адзін з адным.

Last modified onПанядзелак, 19 Снежань 2016 12:19
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць