BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Рэакцыя Касцёла на публікацыю ў «Мінскай праўдзе»: распальванне варожасці

Біскуп Касабуцкі расказаў аб пагрозах і шантажу, з якімі ён сутыкаецца, а таксама пра гімн «Магутны Божа» і бел-чырвона-белы сцяг

Касцёл у Беларусі асуджае публікацыю ў газеце «Мінская праўда» і расцэньвае яе як распальванне варожасці. Па даручэнні старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча пазіцыю беларускага каталіцкага епіскапату адносна публікацыі, якая выклікала глыбокае абурэнне вернікаў, выказаў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

- Рыма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі адназначна асуджае згаданую публікацыю і расцэньвае яе як распальванне варожасці ў беларускім грамадстве да Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, асабліва да яго іерархаў і прэзбітэраў. Дадзеная публікацыя наносіць вялікую абразу рэлігійным пачуццям вернікаў Каталіцкага Касцёла. Карыкатура, на якой крыж ператвараецца ў свастыку, а таксама свастыка, змешчаная замест крыжа, абражае не толькі святароў, але ў першую чаргу зневажае Крыж Хрыста Збаўцы, які на ім аддаў жыццё за збаўленне людзей. На думку каталіцкіх біскупаў Беларусі, гэтая публікацыя нясе маральную шкоду ўсім хрысціянам розных канфесій. Публікацыя таксама ўскосна абвінавачвае ўсё каталіцкае духавенства ў меркаванай прыхільнасці да фашызму і нацызму, што з’яўляецца свядомым і зламысным скажэннем праўды, паклёпам і абразай, - цытуе Сatholic.by.

Як падкрэсліў іерарх, біскупы спадзяюцца, што адпаведныя органы дзяржаўнай улады дадуць належную прававую ацэнку дадзенай карыкатуры і публікацыі ў газеце «Мінская праўда».

Таксама сваю пазіцыю выказаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Ён лічыць, што такі нізкапробны матэрыял не павінен заслугоўваць вялікай увагі.

- Я хачу толькі яшчэ раз пацвердзіць сваю асабістую пазіцыю адносна пэўных спраў, якія між іншым былі ўзгаданыя ў гэтым матэрыяле, - піша іерарх. - Я заўсёды выступаў супраць гвалту, катаванняў, несправядлівасці, хлусні, рэпрэсій. Я не змяню гэтага свайго погляду, не гледзячы на пагрозы, шантаж і таму падобныя рэчы, з якімі мне прыходзіцца сутыкацца. Таксама і падобныя артыкулы не здольныя паўплываць на мой светапогляд, які базуецца на Евангеллі. Бел-чырвона-белы сцяг - гэта ў хрысціянскай сімволіцы знак і сімвал уваскрослага Хрыста, і гэта не залежыць ад ідэолагаў, якія сёння шукаюць "аргументы" супраць... Гімн Магутны Божа даўно стаў часткай нашай літургіі, таму што гэта малітва за нашу краіну і наш народ, а калі гэта не падабаецца сучасным ідэолагам, - гэта не праблема Касцёла... Мы сёння не ўжываем гэту малітву, каб не раздражняць нікога... Падобныя артыкулы не спрыяюць супакою і згодзе ў нашым грамадстве... Прабач ім, Божа, бо не ведаюць, што робяць...

Раней часова выконваючы абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Юрый Санько пракаментаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку вокладку дзяржаўнай газеты «Мінская праўда», якая абурыла каталіцкіх вернікаў.

- У час, калі беларускі народ стомлены вырашэннем грамадска-палітычных пытанняў. Змучаны барацьбой з пандэміяй каранавіруса. У святле новастворанага дзяржаўнага свята “Народнага адзінства”. Рэдакцыя газеты “Мінская праўда” Мінскага аблвыканкама плюе ў твар некалькім мільёнам католікаў, якія жывуць у нашай краіне, - напісаў прадстаўнік Касцёла.

Ён звяртае ўвагу на тое, што змешчаная на першай старонцы газеты карыкатура, на якой зневажаецца крыж, можна лічыць абразай усіх хрысціян, а таксама - прапагандай нацысцкай сімволікі, якая караецца паводле закона.

- Няма жадання ацэньваць набор літар, які падаецца як артыкул, лепш гэта зробяць гісторыкі. Ды і пра карыкатуру разважаць тым больш. Дзяржаўная установа, законы ведаюць. Што гэта? Правакацыя? Хайп? Сумна, але гэта наша рэчаіснасць! - дадаў кс. Юры Санько і заўважыў, што кожны тыдзень католікі моляцца за ворагаў Касцела.

Media

Last modified onАўторак, 07 Верасень 2021 22:49
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць