BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Сказалі, я адзіны, каго адпусцілі да суда». У Беларусі двух святароў абвінавацілі ў «экстрэмізме»

Пасля допыту і складання пратаколаў у абодвух забралі смартфоны. Пробашчы чакаюць судоў

У Велікодныя дні, якія цяпер перажываюць католікі, міліцыя ў Беларусі затрымлівала двух святароў - пробашчаў парафій у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкай царквы. На абодвух склалі адміністрацыйныя пратаколы па ч. 2 артыкула 19.11 за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», які прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых велічынь, або грамадскія работы, або арышт з магчымай канфіскацыяй «сродкаў здзяйснення правапарушэння» - як правіла, гэта смартфон або кампутар.

Спачатку стала вядома пра затрыманне пробашча парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках ксяндза Андрэя Кеўліча, нядаўна прызначанага Магілёўскім дэканам. Праз два дні затрымалі пробашча парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах ксяндза каноніка Ігара Лашука. У абодвух святароў пасля допыту і складання пратаколаў забралі смартфоны. Звычайна ў такіх выпадках адразу адбываюцца суды, аднак, як паведамілі пробашчы, іх адпусцілі з міліцыі да судоў, якія дагэтуль не прызначаныя. Паводле закону, суд па адміністрацыйнай справе можа адбыцца на працягу двух месяцаў пасля складання пратаколу.

«Мне сказалі, што я адзіны, каго па гэтым артыкуле адпускаюць да суда. Там, дзе я быў на допыце, за сцяной знаходзяцца парэшткі айца Фабіяна - я прасіў яго заступіцца. Супакой і ўпэўненасць прыйшлі хутка», - адзначыў кс. Ігар. Яго абвінавацілі ў перапосце ў сацыяльнай сетцы паведамленняў, у прыватнасці аб спыненні вайны ва Украіне, са старонак недзяржаўных выданняў, абвешчаных «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

Дарэчы, у пачатку вайны Расіі супраць Украіны кс. Ігар праводзіў малітву ў памежных парафіях Беларусі.

Па аналагічных артыкулах за апошні месяц у Беларусі пераследвалі яшчэ двух каталіцкіх святароў у Віцебскай дыяцэзіі, аднаго з іх трымалі ў ізалятары. Таксама грэка-каталіцкага святара ў Магілёве судзілі за «несанкцыянаванае пікетаванне» - да суда, які яго аштрафаваў, святар знаходзіўся за кратамі.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць