«Стаіш і разважаеш, дзе столькі ўзяць?». На «Радыё Марыя» распавялі, у якую суму абыходзіцца іх праца
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
Толькі за інтэрнэт даводзіцца плаціць амаль 1500 рублёў. Чаму так шмат, і якая ёсць добрая навіна – распавяла дырэктар.
Каталіцкае «Радыё Марыя» ў Беларусі не раз знаходзілася ў складанай фінансавай сітуацыі. Але ніколі за амаль 7 гадоў працы гэта сітуацыя не была фатальнай – кожны раз з дапамогай ахвяраванняў вернікаў атрымлівалася знаходзіць сродкі, каб пакрыць выдаткі. Зараз радыё запускае сістэму плацяжоў праз WebPay, праз якую можна будзе падпісацца на штомесячнае ахвяраванне. У тым ліку з гэтай нагоды на радыёстанцыі распавялі, у якую суму абыходзіцца праца радыё і з чаго яна складаецца.
«Каля 14 тысяч рублёў – столькі каштуе ў месяц утрыманне "Радыё Марыя", – гаворыць свецкі дырэктар Яўгенія Найдовіч. – Гэта шмат – калі стаіш сам, адзін перад лічбай у 5 знакаў і разважаеш, дзе столькі ўзяць. Гэта нармальна, калі падумаеш, з чаго складаецца гэта сума, колькім людзям нясе радасць і надзею гэтае радыё, і колькі нас, каталікоў і тых, хто шануе беларускую культуру, гісторыю і традыцыю. Нас вельмі, вельмі шмат. І тады 14000 – гэта проста лічба, а не драма».
«Радыё Марыя» – гэта 8 супрацоўнікаў, якія ходзяць на працу штодня, і бухгалтар па-за штатам. Зарплатны фонд разам з усімі адлічэннямі за люты (падаткі, фонд сацыяльнага забеспячэння, страхоўка) склаў каля 10,3 тысяч рублёў.
«Часам працуем нават ноччу і ў выходныя. Мы сапраўды жывем жыццём радыё і шмат у чым таксама валанцёры. Не хапае IT-спецыяліста, не можам сабе дазволіць узяць такога стала на працу, бо дорага. Не хапае аператара і мантажора – а мы хочам рабіць болей якасных і цікавых відэапраграм», – працягвае Яўгенія.
Таксама выдаткі складаюцца з арэнды студыі – 1350 рублёў штомесяц, аплаты камунальных паслуг, якая ўзімку можа дасягаць 800 рублёў:
«І нам мала тых пакояў, што ёсць. Хацелі б яшчэ мінімум два, бо заўжды не можам знайсці вольны час, каб запісаць новыя праграмы, – кожная хвіліна працы цяперашняй студыі распісана».
Адзначым, што на каталіцкім радыё запісваюць праграмы не толькі выключна рэлігійнай тэматыкі – усе размовы можна глядзець і слухаць на YouTube-канале.
Акрамя таго, рэдакцыі даводзіцца плаціць амаль 1500 рублёў за інтэрнэт:
«Бо плацім за сябе і за мадэмы, якія знаходзяцца ў карыстанні там, дзе ў людзей няма ні тэлефону, ні w-fi. І калі хтосьці з карыстальнікаў забыўся ахвяраваць за гэты інтэрнэт – мы плацім самі. Гэта і нашыя бясконцыя тэлефонныя лініі, запраўка і тэхабслугоўванне аўто, гэта крыху цукерак і кава для гасцей студыі».
Дырэктар дадала, што ў рэдакцыі ўжо вельмі старое абсталяванне, але на яго замену пакуль няма сродкаў.
«Але ёсць і добрая інфармацыя. Мы ніколі за амаль 7 год не засталіся без вашай падтрымкі. І ўсё, што адбываецца на "Радыё Марыя" – адбываецца таму, што Пан Бог праз людзей дабраслаўляе нас гэтымі грашыма. Усё прыходзіць у пэўны час. Нават калі крыху спазняецца. Мы ўдзячныя Богу і людзям за кожны новы дзень, кожны новы год, які перажыло радыё», – падкрэсліла Яўгенія.
Media
Related items
-
Першыя сёлета працэсіі Божага Цела прайшлі ў Магілёве і Пінску
-
Урачыстасць Святой Тройцы католікі і праваслаўныя адзначаюць у адзін дзень
-
У Белгарадзе закрылі каталіцкую парафію, на Данбасе таксама жывуць без сакрамэнтаў
-
У касцёлах Беларусі дабраславілі выпускнікоў. Асабліва кранальна – у Івянцы
-
Ужо канчаткова: святара з Навагрудка не забяруць у войска, ён вяртаецца ў парафію