BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Можа знікнуць у любы момант. Магіла знакамітага беларуса ў Рыме – пад пагрозай

Беларуская супольнасць спрабуе ўратаваць парэшткі ксяндза Пятра Татарыновіча.

Магіла заснавальніка Беларускай службы Ватыканскага радыё, ксяндза Пятра Татарыновіча, якога называлі апосталам рэлігійнага адраджэння Беларусі, знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. У лістападзе – месяцы, які прысвечаны малітве за памерлых і клопату аб іх магілах, мы вырашылі ўзняць гэта пытанне з мэтай зрабіць усё магчымае для годнага захавання парэштак вядомага святара.

Ксяндза Пятра Татарыновіча пахавалі ў Рыме на могілках Prima Porta у 1978 годзе. Знаходзіцца ягоная магіла там і цяпер, аднак не ў ранейшым месцы, а ля крэматорыя на viale Arciconfraternita di Santa Maria dell’Orazione e Morte – на тэрыторыі часовых пахаванняў, адкуль таксама можа неўзабаве знікнуць.

Распавядаем, што вядома пра сітуацыю, і як пытанне спрабуюць вырашыць энтузіясты.

Як узгадвае былы супрацоўнік Ватыканскага радыё Ян Мойсік, спачатку труна з целам ксяндза Пятра знаходзілася на асноўных могілках у блоку, невялікім склепе. Там жа стаяў і помнік. Паводле еўрапейскіх традыцый, месцы на могілках трэба аплочваць на пэўны тэрмін. Магілу ксяндза Пятра аплаціла на 30 гадоў Ватыканскае радыё. Калі гэты тэрмін скончыўся, труну дасталі з блоку і перапахавалі ў іншае месца, у зямлю – на ўчастку, які прызначаны для часовых пахаванняў.

Гэта здарылася не ў 2008 годзе, не роўна праз 30 гадоў, а на некалькі гадоў пазней, меркавана, у 2011 годзе – бо ў менталітэце італьянцаў няма звычкі цвёрда прытрымлівацца вызначаных тэрмінаў. З таго часу быў адведзены 10-гадовы тэрмін для таго, каб знайшліся родныя альбо іншыя ўпаўнаважаныя асобы, якія маглі б забраць труну.

Гэты тэрмін мінуў у 2021 годзе. З таго часу, паводле мясцовага заканадаўства, адміністрацыя могілак мае права дэмантаваць помнік і дастаць труну, каб вызваліць месца пад новае пахаванне. А парэшткі – крэміраваць і змясціць у агульным дэпазітарыі, дзе адшукаць іх потым будзе складана.

Гэтага зноў жа пакуль не адбылося – італьянцы не спяшаюцца. Але гэта можа здарыцца ў любы момант. У справу ўключылася супольнасць беларусаў у Рыме разам са сваім душпастырам. Год таму энтузіясты мелі размову з адміністрацыяй могілак, пакінулі свае кантакты і папрасілі папярэдзіць перад тым, як магілу ксяндза Пятра збяруцца ліквідаваць. Але ёсць верагоднасць, што адміністрацыя не папярэдзіць – зноў жа з-за асаблівасцяў менталітэту.

Таму пытанне патрабуе найхутчэйшага вырашэння. Беларуская супольнасць у Рыме выказала жаданне забраць труну з парэшткамі святара і часова змясціць у крыпце мясцовай грэка-каталіцкай святыні – да таго часу, пакуль парэшткі можна будзе перавезці ў Беларусь і там пахаваць з пашанай.

Аднак супольнасць не можа атрымаць труну – перадаць яе маюць права толькі сваякам (блізкіх сваякоў у ксяндза Пятра не засталося), ці дыяцэзіі, да якой ён адносіўся. Гэта – былая Мінская дыяцэзія (паводле іншай версіі, Пінская). Пытанне, ці могуць там выдаць патрэбныя дакументы беларускай супольнасці ў Рыме, пакуль вырашаецца.

На Дзяды-2024 беларусы наведвалі магілу ксяндза Пятра – прынамсі на той час яна была на месцы. Дарэчы, наведваў яе нядаўна і яшчэ адзін беларус, футбольны гісторык Арцём Сізінцаў, які не з'яўляецца каталіцкім вернікам, але вельмі шануе ксяндза Пятра за ягоны ўнёсак у развіццё беларускай культуры і мовы. Цікава, што менавіта ён увёў у шырокае карыстанне слова «шпурляк» замест замежнага «футбол».

Святар таксама вядомы шматлікімі перакладамі на беларускую мову скарбаў сусветнай літаратуры, выдавецкай дзейнасцю – акрамя велізарнага ўнёску ў рэлігійнае адраджэнне.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onЧацвер, 28 Лістапад 2024 11:42
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць