BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

На будоўлі ў Мінску знайшлі чалавечыя парэшткі – тут былі каталіцкія могілкі

Тэрыторыю старадаўніх Залатагорскіх могілак, дзе хацелі зрабіць парк, аддалі пад сакрэтны будынак.

Пры будоўлі ў цэнтры Мінска парушаны пахаванні на старадаўніх каталіцкіх могілках – многія астанкі падчас прац былі вынятыя з зямлі, даведаліся вернікі. Гаворка пра былыя Залатагорскія могілкі – адны з найстарэйшых і самых вялікіх у Мінску.

Тэрыторыю гэтых знішчаных могілак у 2017 годзе ўлады замацавалі за касцёлам святога Роха, які тут знаходзіцца, для добраўпарадкавання і санітарнага ўтрымання. Парафія сваімі сіламі зрабіла тут дэндрапарк. Тады вернікі выказвалі радасць, што землі замацаваныя за парафіяй, – гэта азначала, што тэрыторыя не будзе забудоўвацца і прах памерлых не патрывожаць. Болей за тое, у 2019 годзе тэрыторыю ўключылі ў ахоўную зону.

Але ўсё раптоўна змянілася ў 2025 годзе. Чаму, што будзе са знойдзенымі астанкамі і які сакрэтны будынак узводзяць на касцях?

Нагадаем, старадаўнія Залатагорскія могілкі пачалі знішчаць яшчэ ў 1930-я, а ў 1980-я папросту знеслі і вывезлі надмагільныя пліты, а зямлю разраўнавалі. І гэта нягледзячы на тое, што тут знаходзяцца пахаванні не толькі памерлых парафіян.

У гады Першай сусветнай вайны на Залатагорскіх могілках хавалі ахвяр нямецкіх бамбардзіровак Мінска. У 1915-1916 гадах – мінскіх афіцэраў, якія памерлі ў шпіталях. Пасля 1920 года могілкі былі цалкам закрытыя, але падчас Другой сусветнай вайны тут таксама адбываліся пахаванні.

Таму гэтае месца – святое для ўсіх хрысціян, і парафія хацела зрабіць на месцы былых могілак сямейны парк – зону цішыні і малітвы.

У траўні 2025 года грамадства раптоўна даведалася, што менавіта тут плануецца маштабная будоўля. У чэрвені знеслі знакамітую «глушылку» ля касцёла і іншыя пабудовы. Участак прац закрануў тэрыторыю, раней перададзеную парафіі, дзе ўжо былі высаджаныя кусты і дрэвы ў новым дэндрапарку – іх давялося тэрмінова перасаджваць у тыя месцы парку, якія засталіся за касцёлам.

У парафіі пачалі асаблівую малітву, аб чым сведчаць штотыднёвыя аб'явы, якія публікуюцца: «Каб парэшткі нашых продкаў, пахаваных на Залатагорскіх могілках, не былі знішчаныя».

Будоўля пачалася ўлетку (на галоўным фота вышэй), цяпер яна ў разгары. Дзеля прац нават перакрыта вуліца Чырвоназоркавая, як гэта пазначана на мапах Google і Яндэкс. Але інфармацыю аб закрыцці вуліцы афіцыйныя крыніцы не падавалі.

У сакрэце трымаецца і аб'ект, які будуюць на могілках. У дакументах пазначана толькі, што гэта «шматфункцыянальны будынак», а ў адным з афіцыйных каментароў была ўзгадка пра «дзяржаўную навучальную ўстанову».

Насамрэч на могілках вядзецца будаўніцтва новага корпусу Акадэміі нацыянальнай бяспекі, падведамнай структуры КДБ. Звесткі пра выдзяленне ўчастка пад гэту ўстанову на былых Залатагорскіх могілках раней публікавалі недзяржаўныя медыя.

Пры рыцці катлавану, як даведаліся вернікі, будаўнікам траплялася шмат чалавечых касцей. Усе яны, наколькі вядома вернікам, былі сабраныя і перададзеныя на экспертызу, правядзенне якой патрабуе закон пры адшуканні чалавечых парэшткаў.

Вернікі спадзяюцца, што пасля экспертызы парэшткі перададуць парафіі, каб перазахаваць іх на той частцы могілак, якая засталася некранутай.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onПятніца, 31 Кастрычнік 2025 14:39
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць