BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Футбольны турнір сярод святароў выйграла каманда Гродзенскай дыяцэзіі

Маладзечна стаў трэцім па ліку горадам, які сабраў аматараў футбола сярод каталіцкага духавенства.

Галоўная інтрыга чэмпіяната заключалася, бадай, у тым, каб прадугадаць, ці здолеюць каманды скласці годную канкурэнцыю гродзенцам і перарваць іх бяспройгрышную серыю на двух чэмпіянатах запар.

Найбольш рэальнымі прэтэндэнтамі на змяшчэнне лідара былі каманды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі,  — заваяваць кубак у папярэдніх чэмпіянатах ім перашкаджалі толькі паразы ад гродзенцаў.

Гульня праходзіла па схеме: 2 таймы па 12 хвілін. У спаборніцтвах бралі ўдзел чатыры каманды — па адной дружыне ад дыяцэзіі, таму кожная каманда згуляла па тры матчы.

Адкрываў чэмпіянат матч святароў з Гродна і Віцебска. З першых хвілін абедзве каманды рынуліся ў атаку, задаўшы высокі тэмп гульні. У выніку ўжо на 4-й хвіліне «бліцкрыг» гродзенцаў прынёс плён — 1:0.

Каманда Віцебскай дыяцэзіі старалася не адставаць, але больш тэхнічныя гродзенцы літаральна праз хвіліну зноў пакарылі брамы супернікаў — голам завяршылася імклівая контратака кс. Ян Кузюка.

 

Віцебчане кінуліся адыгрывацца, і ў дададзены час першага тайму брамы супернікаў сапраўды дрогнулі. Але больш лік не змяняўся. 2:1 на карысць гродзенцаў.

Другім запускам паміж сабой гулялі каманды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Вельмі актыўна ў наступленні пачалі мінчане. У параўнанні з Пінскам іх гульня выглядала куды больш «свежай» і камбінацыйнай.

За каманду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі гуляў таксама Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

75 працэнтаў матчу футбалісты правялі на гульнявой палове Пінска. Мінскія святары гулялі ў хуткі футбол, і гэта схема цалкам апраўдвала сябе. Супернік яўна прайграваў апанентам у хуткасці, таму чатыры забітыя галы ў вароты пінчан не сталі нечаканасцю.



Выніковы лік матчу — 4:1.

Барацьба хуткасцяў

Далей паміж сабой гулялі каманды-пераможцы папярэдніх матчаў. Каманда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі мела толькі 10 хвілін для аднаўлення, але гэта не перашкодзіла ім актыўна распачаць матч супраць гродзенцаў.

Гульня тым не менш праходзіла пад націскам святароў з Гродна. Прарывы футбалістаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў штрафную зону супернікаў таксама былі, але мінчан падводзіла тэхніка.

Нападаючы кс. Францішак Рудзь падчас размінкі
дэманструе выдатную фізічную форму

Як і чакалася, гульня абедзвюх каманд стала бітвай хуткасцяў. Але і першыя, і другія выдатна гулялі ў абароне. Мінчанам не ставала хіба што правільных рашэнняў у вострыя моманты.

Гэтым і скарысталіся супернікі. Гол з правага флангу ў самую дзявятку брамаў мінчан ўжо ў сярэдзіне першага тайму.

Мінчане кінуліся ў контратаку і амаль забілі: моцны ўдар нападаючага кс. Рамана Сушы спыніў толькі галкіпер гродзенцаў кс. Юрый Гурскі, якому мяч трапіў у нос — патрабавалася замена брамніка.

Пасля перапынку мінчане з новымі сіламі кінуліся атакаваць і былі нават блізкія да рэваншу. Але гродзенцы выстаялі. Лік гульні — 1:0.

Дзяўчаты з парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне —
Святлана Віткоўская, Марыйка Лубнеўская і Марыя Скупец —
група падтрымкі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Зусім іншым выглядала супрацьстаянне футбольных каманд Віцебскай і Пінскай дыяцэзій. Іх атакі не вызначаліся надзвычайнымі хуткасцямі, часам наадварот — гэта была барацьба тактык. Абедзве дружыны практыкавалі «спакойны» футбол з камбінацыямі ў некалькі перадач. Больш актыўнай была віцебская дружына, якая ўжо ў першым тайме забіла тры галы. Другі тайм падарыў шэраг цікавых момантаў — матч завяршыўся не на карысць пінчан 2:4.

Статыстыка турніру:
Лепшы бамбардзір – кс. Антон Лагуцёнак (каманда Віцебскай дыяцэзіі)
Лепшы галкіпер – кс. Юрый Гурскі (каманда Гродзенскай дыяцэзіі)
Лепшы ігрок – кс. Францішак Рудзь (каманда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі)

Разгром пінчан і чарговы трыумф гродзенцаў

Пасля дзвюх пераможных гульняў футбалістам з Гродзенскай дыяцэзіі заставалася зрабіць апошні крок да кубка пераможцаў. Для гэтага ім трэба было абыгрываць пінчан.

Пінчане ў выпадку перамогі над гродзенцамі давалі б тэарэтычны шанец для каманды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая абыграла віцебчан з мінімальным лікам 0:1.

Матч распачаўся з уласцівым гродзенскім футбалістам націскам. І ўжо на першых хвілінах лік гульні быў адкрыты. 1:0.

Пінская каманда не падала духам і працягвала супраціўляцца. Але было заўважна, што яны крыху «падселі», прайграючы супернікам у спрытнасці. Гродзенцы абыгралі камбінацыю ў некалькі перадач і павялічылі лік на табло.

Нападаючыя кс. Ян Кузюк і а. Віталій Бандаронак OFM Cap былі галоўным ядром гродзенскай каманды. Належнае варта аддаць і гродзенскім брамнікам: кс. Артуру Малафею і кс. Юрыю Гурскаму.

Гульня амаль цалкам пераносіцца ў штрафную пінчан з іх рэдкімі контратакамі. Але гродзенцаў было не стрымаць. На перапынак каманды сыходзілі пры ліку 4:0.



Калі ў першай партыі яшчэ адчувалася барацьба пінчан, то другая частка гульні прайшла цалкам пад дыктоўку мінулагодніх чэмпіёнаў. Галы забіваліся хутка і камбінацыйна. У выніку пінская каманда атрымала «баранку» — выніковы лік 0:8.

Хто спыніць гродзенцаў?

ІІІ Чэмпіянат па міні-футболе сярод святароў паказаў, што трывалым лідарам сёння з’яўляецца каманда Гродзенскай дыяцэзіі. І барацьба за першы радок калі і магчыма, то найбольшыя шансы адваяваць лідарства ў каманды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

«Асноўная праблема святароў-футбалістаў Беларусі — фактычна поўная адсутнасць базавай футбольнай падрыхтоўкі», — прызнаўся ў гутарцы з карэспандэнтам Catholic.by трэнер футбольнай каманды Гродзенскай дыяцэзіі Яўген Сакалоўскі, які трэніруе і зборную Беларусі святароў па міні-футболе».

Усе тытулы(3) каманды пераможцы:
Маладзечна-2014 (кубак)
Лепель-2013 (кубак)
Ліда-2012 (кубак)

Свае трэніроўкі мы пачыналі за месяц, больш актыўна займаліся ўжо бліжэй да чэмпіянату. На трэніроўцы адпрацоўваем не толькі тэхніку, але і шмат размаўляем аб стратэгіі. Канешне, гэта не проста, бо не ўсе святары могуць прыехаць на трэніроўку, але я задаволены, што сёння мы згулялі на ўзроўні».

Каманда Гродзенскай дыяцэзіі —
трохразовыя чэмпіёны Беларусі па міні-футболу сярод святароў

Яўген Сакалоўкі дадаў, што лічыць наяўнасць у камандзе свецкага трэнера плюсам. «Калі каманду трэніруе святар — свой сярод сваіх — у камандзе могуць з’яўляцца любімчыкі, ды й стаўленне да ўсіх можа быць суб’ектыўным. Са свецкім трэнерам такога няма. На сваім прыкладзе магу засведчыць: каманда паважае трэнера як аўтарытэт у футбольнай справе і прыслухоўваецца да яго парадаў».

Яшчэ адной праблемай святарскага футболу трэнер Сакалоўскі назваў вялікую ратацыю ў складзе каманд.

«Футбол — камандная гульня. І, каб дабіцца ў ёй поспеху, неабходна найперш зыгранасць ігракоў. А калі склад каманд змяняецца з кожным годам больш чым на 50 працэнтаў, то спадзявацца на поспех становіцца цяжэй».

Catholic.by

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць